Падпалкоўнік Фёдар Кандзіранда: «Нават афіцэры ішлі галасаваць з белымі стужкамі»

Яшчэ адзін звольнены выкладчык Вайсковай акадэміі распавёў сваю гісторыю Радыё Свабода.

Фёдар Кандзіранда разам з курсантамі

Фёдар Кандзіранда разам з курсантамі

Падпалкоўнік Фёдар Кандзіранда кажа, што ніколі ў жыцці не атрымліваў столькі званкоў з падтрымкай і віншаваннямі, як цяпер, калі стала вядома, што яго звольнілі з Вайсковай акадэміі. Рапарт аб звальненні па ўласным жаданні старшы выкладчык агульнавайсковага факультэту акадэміі Фёдар Кандзіранда падаў яшчэ 13 жніўня.
Штуршком сталі выбары і звесткі ў інтэрнеце пра гвалт над людзьмі, якія пратэставалі супраць фальсіфікацый. А ў пачатку лістапада рапарт Фёдара Кандзіранды быў падпісаны. Яго звольнілі не са «згоды бакоў», а паводле артыкулу — за сістэматычнае парушэнне ўмоў кантракту.

«Давялося на гэта пайсці наўмысна, каб звольнілі», — тлумачыць былы выкладчык.
Фёдар Кандзіранда не сумняваецца, што афіцыйным вынікам выбару прэзідэнта нельга верыць. 

«Тое, што Лукашэнка не перамог, для мяне відавочна», — кажа Фёдар Кандзіранда і спасылаецца ня толькі на настроі сваякоў, сяброў і знаёмых, але і на тое, што ўбачыў у дзень асноўнага галасавання на выбарчым участку.

«Наш участак размяшчаўся ў клюбе на тэрыторыі 86-й брыгады сувязі. Ішло галасаваць як ніколі шмат людзей, у тым ліку былі з белымі стужкамі на руцэ. А ў нас жа галасуюць у асноўным афіцэры, іхныя жонкі, сваякі. Калі ўжо такія людзі пайшлі галасаваць за Ціханоўскую ды гэтага не хавалі, дык што тут разважаць пра 80% Лукашэнкі? Гэта плявок у твар усім нам, у твар народу», — мяркуе былы выкладчык Вайсковай акадэміі.

Паводле Фёдара Кандзіранды пра ягоныя даволі апазіцыйныя настроі кіраўніцтва акадэміі ведала. Раней меў сваю старонку ў Facebook, на якой пазначыў, хто ён і дзе служыць, а вайсковая контравыведка пра гэта прасігналіла кіраўніцтву акадэміі. Падпалкоўніку вынеслі вымову, старонку ён мусіў закрыць. Але пасля выбараў, калі напісаў рапарт, Фёдар Кандзіранда яе разблакаваў, напісаў «Я з народам» ды выказаўся супраць гвалту. 

Што было далей? Па краіне пракаціліся першыя шматысячныя шэсці і мітынгі. Неўзабаве падпалкоўнік Кандзіранда атрымаў загад прыйсці на гутарку да генерала. 

«Спачатку пачуў, што я нібыта здраднік, а ў другой размове дык нават, што шпіён. Прагучала і папярэджанне, што трэба будзе заводзіць крымінальную справу. Але чаму? Насамрэч мы ж з ім за адно і тое ж: за моцную самастойную Беларусь. Толькі я прапаную іншы шлях: прыслухацца да выбару народу, а не заганяць яго зноў у стойла. Гэта не аргумент, што трэба яшчэ пацярпець з гэтым прэзідэнтам, інакш нас захопяць. Не, трэба быць з народам, лічыцца з ягоным выбарам».

Прычым Фёдар Кандзіранда дапускае, што той ягоны суразмоўца ў акадэміі, ды і шмат іншых калег, шчыра вераць ва ўмяшанне ў справы Беларусі з усіх бакоў, уключна з усходнім. Але ён думае, што час такіх поглядаў мінуў, бо цяпер, праз пашырэнне мабільнай сувязі і інтэрнету, «кожны сам сабе тэлевізар» і мае права вырашаць самастойна.

«Людзі ўсё жыццё чулі пра ўмяшанне звонку. Гэта былі ЗША, Англія, цяпер ім больш гавораць пра Польшчу, Чэхію, маленькую Літву, нават Расею. Але якое ўмяшанне? Гэта што, Захад пасля першага аглушальнага мітынгу Ціханоўскай, на які прыйшлі больш за 60 тысяч, адмяніў яе мітынг у Менску напярэдадні саміх выбараў? Гэта Польшча не зарэгістравала Бабарыку, кінула ў турму Ціханоўскага? Да пратэстаў людзей падштурхнула сама ўлада, і ніхто іншы. І яна ж вінаватая ў тым, што пратэсты не сціхаюць ды нават шырацца. Цяпер садзяць людзей толькі за выказванне думкі, за тое, што пайшоў у страйк. Навошта? Людзі і будуць пратэставаць, бо гвалт нарастае, за кратамі ўсё больш, а Лукашэнка не сыходзіць», — мяркуе Фёдар Кандзіранда.

Размаўляем з ім пра тое, што можа прывесці да адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Самыя моцныя ўдары на сістэме, на думку Фёдара Кандзіранды, нанясуць пратэсты і пагаршэнне эканамічнага становішча, пасля чаго пачнецца сабатаж кіроўных кадраў. «Паступова пачнуць разбягацца кіраўнікі, адпадаць адзін за другім. Нікому ня хочацца несці адказнасць за ягоныя памылкі, якіх усё болей», — мяркуе былы падпалкоўнік.

Размаўляем пра лад Беларусі пасля перамогі над Лукашэнкам. Фёдар Кандзіранда лічыць, што рэжым асабістай улады аднаго чалавека ў Беларусі склаўся невыпадкова, гэтаму спрыялі адразу некалькі фактараў, якія засталіся фактычна некранутымі з савецкіх часоў. Сярод іх перавага дзяржаўнай эканомікі і дамінаванне дзяржаўнай прапаганды. Ды і наіўная вера беларусаў у моц аднаго чалавека зрабіла кепскую службу.

«Трэба аднавіць у грамадстве сапраўдныя цывілізаваныя каштоўнасці. Аднавіць палітычныя свабоды, заснаваныя на правах чалавека, аднавіць роўнасці ўсіх перад законам, дамагчыся сапраўднага падзелу ўладаў. Але гэта трэба вяртаць не гвалтам, а праз законныя працэдуры. Спадзяюся, абыдземся без „ленінападу“. Тое, што было ў нашай гісторыі, выкрэсліваць нельга, але высновы зрабіць трэба».

Фёдару Кандзіранду 42 гады, ён мог бы служыць у войску яшчэ 5 гадоў і пайсці на пенсію, якая ў вайскоўцаў, па беларускіх мерках, нядрэнная. Але цяпер будзе шукаць новую працу, наладжваць жыццё наноў.

«Ужо ёсць добрая прапанова. Паспрабую сябе ў ІТ-сфэры, дзе я быў самавукам, але нядрэнна засвоіў пэўныя навыкі. Але спачатку трэба будзе павучыцца на курсах», — кажа пра свае пляны Фёдар Кандзіранда.