Міжнародны ПЭН-клуб выказаў салідарнасць з беларускімі дзеячамі культуры

Міжнародная праваабарончая арганізацыя PEN International выступіла з заявай на знак салідарнасці з дзеячамі культуры ў Беларусі, якія зазнаюць перслед. ПЭН заклікае вызваліць усіх затрыманых за мірныя пратэсты і спыніць іх пераслед, зазначае Радыё Свабода.

Спеўныя акцыі ля Купалаўскага тэатра, жнівень 2020. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Спеўныя акцыі ля Купалаўскага тэатра, жнівень 2020. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Пасля прэзідэнцкіх выбараў сотні тысяч людзей, у тым ліку пісьменнікі, мастакі, музы́кі і прадстаўнікі іншых творчых прафесій выйшлі на мірныя пратэсты.
«За гэта яны зазналі арышты, збіванні, знішчэнне інструментаў, звальненні», — гаворыцца ў заяве.
«Пісьменнікі, мастакі і журналісты Беларусі пачалі пратэставаць супраць вынікаў жнівеньскіх выбараў. Замест таго, каб вырашаць гэтае пытанне, урад пачаў арыштоўваць, пагражаць і запужваць, не шкадуючы нікога. Нашыя сябры ў Беларускім ПЭН-цэнтры таксама сталі часткай барацьбы і зазналі ціск. Нават нацыянальны скарб Беларусі, ганаровы віцэ-прэзідэнт PEN International Святлана Алексіевіч, атрымала пагрозы», — заявіў старшыня камітэту «Пісьменнікі ў турме» Саліл Трыпаці.
«Пісьменнікі і дзеячы мастацтва ў Беларусі знаходзяцца ў цэнтры мірнага супраціву парушэнням у краіне і праз літаратуру, мастацкія творы, музыку і тэатральныя выступленні паказваюць злоўжыванні з боку рэжыму Лукашэнкі», — заявіла прэзідэнт ПЭН-клуба Джэніфэр Клемент.
Міжнародны ПЭН-клуб шакаваны нападамі ўлады на творцаў і патрабуе неадкладна іх спыніць, а таксама вызваліць затрыманых, кампенсаваць іх фізічныя і маральныя пакуты, аднавіць звольненых на працы.