Салідарнасць: Беларускія актывісты ў Берліне ўзнялі гістарычны сцяг насупраць пасольства РБ (фота)
«Альтэрнатыўнае Пасольства Свабоднай Дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь у Германіі", адкрытае два тыдні таму беларускімі актывістамі ў Берліне, нарэшце атрымала свой галоўны атрыбут.

Гістарычны сцяг Беларусі быў узняты 8 лістапада ва ўрачыстай атмасферы пры выкананні гімна «Пагоня» на вышыню 6,5 м прама перад вокнамі Пасольства Лукашэнкі і нагадвае гэтым афіцыйным прадстаўнікам улады дыктатара пра выбар беларускага народа.

Сімвалічнае Пасольства размяшчаецца ў доміку на колах насупраць будынка афіцыйнага пасольства РБ. Яно з'яўляецца месцам правядзення акцый салідарнасці, адзіночных пікетаў і інфармацыйнымым пунктам. Адкрыццё сімвалічнага альтэрнатыўнага Пасольства дэманструе ў тым ліку пратэст беларускай дыяспары Германіі супраць лаяльнай, чакальнай пазіцыі Пасла Рэспублікі Беларусь Дзяніса Сідарэнкі датычна рэжыму Лукашэнкі.
Беларуская дыяспара, якую прадстаўляюць у розных краінах свету аб'яднання беларусаў, ужо сёння ўзяла на сябе некаторыя з функцый пасольстваў, у тым ліку кантакт з афіцыйнымі прадстаўніцтвамі ўлады замежных дзяржаў, аказанне гуманітарнай дапамогі, падтрымку беларускай культуры і г.д.