Следчы камітэт не ўбачыў складу злачынства. Але пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу

Выпадак адбыўся на Магілёўшчыне.

1598943172.png

Фота prokuratura.gov.by

«Неўстаноўленая асоба ў перыяд з 14 па 15 жніўня 2020 года таемна з балкона другога паверха будынка Падгор'еўскага сельвыканкама зняла ўстаноўлены на адміністрацыйным будынку дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, пасля чаго павесіла на яго месца іншы (бел-чырвона-белы — НЧ.), — гаворыцца ў паведамленні Генеральнай пракуратуры. — Пры гэтым само палотнішча было выяўлена на падлозе балкона ў забруджаным выглядзе — са слядамі ад падэшваў».

Чакалася, што па выніках праверкі СК завядзе з гэтай нагоды крымінальную справу. Аднак гэтага не адбылося, — далей цытуем рэліз — «у сувязі з адсутнасцю ў дзеянні складу злачынства». «Орган папярэдняга следства абгрунтаваў сваё працэсуальнае рашэнне тым, што дзяржсімвал не атрымаў істотных пашкоджанняў у выніку супрацьпраўных дзеянняў». Тым не менш пракуратура Магілёўскага раёна адмяніла пастанову Следчага камітэта аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы «па факце здзеку над дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь». На думку пракуратуры, «такімі дзеяннямі было выказана непаважлівае і грэблівае стаўленне да дзяржаўнага сімвала».

Распачала крымінальная справа ў дачыненні да неўстаноўленай асобы, дзеянні якой кваліфікаваныя па арт. 370 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

За здзек над дзяржаўнымі сімваламі прадугледжана пакаранне ад грамадскіх работ або штрафа да абмежавання волі на тэрмін да аднаго года.