Святлана Ціханоўская: наш шлях да свабоды аказаўся марафонам — але мы ўжо не сыдзем з дыстанцыі.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі звярнулася да беларусаў.

1595599104inx960x640_780x405.jpg

Святлану Ціханоўскую цытуе яе прэс-служба. У звароце да беларусаў гаворыцца:— Больш за тысячу затрыманых, сотні збітых нагамі або дубінкамі людзей. Гэта так вы ўяўляеце ўладу? Так вы даказваеце мірным беларусам і ўсяму свету сваю легітымнасць?

У вас нічога не выйдзе. Горды і бясстрашны народ ужо ніколі не паверыць тым, хто асмеліўся падняць на яго руку і адабраць голас. Беларусы выходзяць супраць вас без зброі, спецтэхнікі і бронекамізэлек — і ведаюць, што вы ніколі не адважыцеся зрабіць, як яны. Беларусы выходзяць, разумеючы ўсе магчымыя наступствы — а вы падманваеце сябе, лічачы, што вас выратуюць, калі рэжым абрынецца. Беларусы выходзяць на пратэст супраць гвалту — а тыя, хто ламае ім ногі, каб прасцей было затрымаць, не вартыя звацца беларусамі.

Беларусы — героі. Я дзякую ўсім, хто выйшаў учора, за вашу мужнасць і сілу волі. Я дзякую студэнтам, медыкам, музыкам, журналістам, спартоўцам і ўсім, хто быў гатовы апынуцца ў ізалятары — каб усе астатнія маглі працягваць пратэст. Я ведаю, што гэты шлях патрабуе ахвяраў ад кожнага з нас. І ведаю, што цяпер лёгка ўпасці духам. Але кожны раз, калі я не верыла, што змагу працягваць нашу барацьбу, вы давалі мне зразумець, што разам мы можам усё. Вы абсалютна маеце рацыю.

Так, наш шлях да свабоды апынуўся марафонам — але мы ўжо не сыдзем з дыстанцыі. Ніхто, акрамя нас, не вызваліць нашых родных з турмаў і не верне дадому ўсіх, каму давялося з'ехаць. Да таго жыцця, як раней, ужо не вярнуцца — і вы гэта ведаеце. Рэжым незваротна закопвае сябе ў злачынствах і даўгах. Ён здзяйсняе тэрор, за які панясе адказнасць. Таму беражыце адзін аднаго, падтрымлівайце і дапамагайце адзін аднаму. Разам мы справімся з усім — нават з гэтай няпростай дарогай да новай свабоднай краіны.