Беларусы Нідэрландаў зноў выйшлі на акцыю салідарнасці (фота)
У нядзелю, 8 лістапада, у Эйндховэне прайшла акцыя салідарнасці з беларускім народам, арганізаваная беларускай дыяспарай у Нідэрландах.

Актывісты дыяспары зладзілі акцыю салідарнасці і падтрымкі беларускага народа. Ужо трэці месяц беларусы змагаюцца супраць рэпрэсіўнага рэжыму былога прэзідэнта Лукашэнкі, які, нягледзячы на прайграныя выбары, працягвае ўтрымліваць уладу шляхам дзяржаўнага тэрору. Дзіўная адвага беларусаў, якія працягваюць барацьбу выключна мірнымі метадамі, заслугоўвае павагі і падтрымкі міжнароднай грамадскасці.

Арганізатары заяўляюць, што тое, што адбываецца сёння ў Беларусі — гэта апафеоз паліцэйскага гвалту: вядомыя шматлікія выпадкі катаванняў, сексуальнага гвалту і забойстваў. Удзельнікі акцыі імкнуліся данесці, што гэта адбываецца прама зараз, у 21 стагоддзі, у геаграфічным цэнтры Еўропы, у краіне, якая мяжуе з краінамі ЕС.

Удзельнікі акцыі сабраліся на цэнтральнай плошчы 18 Septemberplein, у Эйндховене. Былі раздадзеныя ўлёткі і буклеты з інфармацыяй аб тым, што адбываецца ў РБ. Усяго ў акцыі ўдзельнічало каля 30 чалавек. Колькасць была абмежаваная ў сувязі з уведзенымі мерамі па барацьбе з COVID-19.