Журналісты «Новага Часу», арыштаваныя за сваю прафесійную дзейнасць
Фотакарэспандэнты "Новага Часу" Дзмітрый Дзмітрыеў, Аляксандр Зяньковіч і Яна Трусіла былі затрыманыя ў розных месцах Мінска 1 лістапада падчас працы на Маршы супраць тэрору. Усе яны былі абазначаныя бэджамі і мелі рэдакцыйнае заданне.
Падчас затрымання Дзмітрыя Дзмітрыева моцна ўдарылі па твары.
2 лістапада суддзя Партызанскага суда Мінска Наталля Дзядкова асудзіла Дзмітрыя на 10 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 23.34 КаАП.
У той жа дзень 20-гадовая пазаштатная карэспандэнтка "Новага Часу" Яна Трусіла атрымала ад суддзі Кастрычніцкага суда Алены Жывіцы 13 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 23.4. КаАП.
Пазаштатнага карэспандэнта НЧ Аляксандра Зяньковіча судзілі 3 лістапада. Тая ж самая суддзя Кастрычніцкага суда Алена Жывіца асудзіла яго на 13 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 23.4 КаАП.
Менш чым за тры месяцы пратэстаў журналістаў у Беларусі затрымлівалі 320 разоў! На гэты момант за кратамі знаходзяцца 9 нашых калег.