8 сакавіка: жаночы погляд

8-га сакавіка яшчэ ад савецкіх часоў у многіх асацыіруецца са святам вясны. У бытнасць СССР і сацыялістычнага лагера ў цэлым 8-га сакавіка адзначалася як Міжнародны жаночы дзень. Ад тых часоў у многіх стаўленне да гэтай даты змянілася. Як успрымаюць 8-га сакавіка нашы суайчынніцы сёння?

Вольга Абрамава, палітолаг, былы дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання і Палаты прадстаўнікоў:

8-га сакавіка яшчэ ад савецкіх часоў у многіх асацыіруецца са святам вясны. У бытнасць СССР і сацыялістычнага лагера ў цэлым 8-га сакавіка адзначалася як Міжнародны жаночы дзень. Ад тых часоў у многіх стаўленне да гэтай даты змянілася. Як успрымаюць 8-га сакавіка нашы суайчынніцы сёння?
Вольга Абрамава, палітолаг, былы дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання і Палаты прадстаўнікоў:
— Я добра стаўлюся да гэтай даты. Нейкія традыцыі засталіся з савецкага часу. Напрыклад, для сябе асабіста 23-га лютага я называю днём жаночай салідарнасці з мужчынамі, а 8-га сакавіка — гэта дзень мужчынскае салідарнасці з жанчынамі.
Наста Палажанка, намесніца старшыні зарэгістраванай у Чэхіі Міжнароднай арганізацыі “Малады фронт:
— Я дастаткова роўна стаўлюся да 8-га сакавіка. Па мне, у цяперашняй сітуацыі, канешне, больш бы святаў, ды харошых, а з пункту гледжання нейкага там ідэалагічнага падмурку маё стаўленне да гэтага дня дастаткова халоднае. Свята ўсё ж такое нейкае бальшавіцкае, але гледзячы, як яго падаваць. Я думаю, што свята вясны ў нашай краіне неабходнае, як з пункту гледжання чалавечага, так і з пункту гледжання палітычнага.
 
Ірына Халіп, журналістка, жонка палітычнага зняволенага, кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава:

— Я зараз да 8-га сакавіка стаўлюся як да вялікага свята, таму што ў гэты дзень нарадзіўся мой муж. Гэта раней, яшчэ да шлюбу, 8-е сакавіка для мяне было нечым кшталту свята Кларачкі і Розачкі, якое я не ўспрымала. Але зараз гэта Дзень нараджэння майго мужа, гэта сямейнае свята, і нават зараз, у адсутнасць Андрэя, мы, безумоўна, сям’ёю будзем яго адзначаць. На вялікі жаль, пакуль ніякай новай інфармацыі пра Андрэя мы не маем, 7-га сакавіка ў калонію паедзе адвакат, можа, што-небудзь стане вядома.
Ніна Стужынская, гісторык:
— Стаўлюся да гэтага дня скептычна. Адзін раз на год успамінаюць — гэта, як я кажу, праверыць, ці жывы ты яшчэ. Ну, хоць адзін дзень, і тое добра. Але гэтае свята нейкае ненатуральнае. Кветкі трэба дарыць не адзін раз на год, а то знайшлі нагоду! Як гісторык я вельмі добра памятаю, чаму гэтае свята нарадзілася. Гэта была прапанова выступіць жанчынам за свае правы ва ўсім свеце. Правоў мы не дачакаліся, а змест свята згубіўся. Для мяне асабіста ніякага свята няма, я зараз працую, пішу новую кніжку па мяцяжах ва Усходняй Беларусі. Трэба хутка тыя матэрыялы, якія я маю, апрацаваць і аддаць у друк.


Таццяна Равяка, праваабаронца:
— Зразумела, што з самага дзяцінства ўкладалася ў свядомасць, што 8-га сакавіка — гэта свята. Бацька віншаваў, віншавалі ў школе. Але зараз я не магу сказаць, што гэта для мяне такое свята, калі я думаю пра нешта жаночае, пра нейкую салідарнасць, не. Відаць, для мяне святочныя дні не вызначаны па календары, а вызначаны нейкімі добрымі падзеямі, якія звязаны з маёй жаночай сутнасцю па жыцці. Відаць, для мяне 8-га сакавіка — не важнае свята, хаця нельга сказаць, што гэты традыцыйна выхаваны элемент адсутнічае. Зразумела, што і на гэтае 8-е сакавіка я атрымаю нейкія віншаванні, кветкі, падарункі, але сказаць, што для мяне гэта падкрэсліць маю жаночую сутнасць, то не. У свядомасці гэта захаванае, а па жыцці я стаўлюся да гэтага даволі абыякава.
Антаніна Хатэнка, паэтка, культуролаг:
— Я даволі доўга катэгарычна адмаўляла гэты дзень. Як тое на хвалі дзевяностых здавалася, што ўсё адграбем, усё адкінем і нанова пачнём. Але такія рэчы ні за год, ні за дзесяцігоддзе не робяцца, таму, прыглядаючыся, як яно ў соцыуме складаецца, так, відаць, яго і трэба прымаць. Гэта дзень, па праўдзе, ужо трансфармаваўся ў нешта такое вясновае, жаноцкае, мала прывязанае да тых ідэяў, што некалі закладалі заснавальнікі. І што самае дзіўнае, і чаму я адмаўляла на пачатку гэтае свята: некалі, калі я толькі трошачку пачала займацца міфалогіяй, залазіла ў міфы іншых народаў, у тым ліку і зусім адрозных ад нас па ментальнасці, я дазналася, што ў іудзейскай міфалогіі менавіта гэты вясновы дзень — ну, можа, не так менавіта 8-га сакавіка — прысвячаўся жанчынам-блудніцам. І вось гэта адпрэчыла мяне цалкам ад 8-га сакавіка, ад інтэрнацыяналізму і ад эмансіпацыі. А калі напаўняць сваім зместам і вось гэты вясновы настрой сярэдзіннага чалавечага абнаўлення пераводзіць у іншыя канцэпты, то навошта адкідаць? Усялякую форму можна напоўніць зусім іншым пітвом, і ўсё будзе здорава.