Мінгандлю супраць кавярні: працяг канфлікту

Нашумелая гісторыя пра прадпрымальніцу Таццяну Аляхновіч шырока разышлася па інтэрнэце: дзясяткі чытачоў пакідалі абуральныя каментары пра кантралёраў з Мінгандлю і пісалі словы падтрымкі жанчыне. Чым жа скончылася гэтая справа?

aliahnovich2_logo_1.jpg


Больш за месяц мы не мелі звестак пра прадпрымальніцу Таццяну Аляхновіч — не хацелася турбаваць маладую жанчыну, якая ўвесь гэты час лячылася ў шпіталі, куды яе паклалі з нервовым зрывам пасля праверкі Міністэрства гандлю. Цяпер Таццяна Аляхновіч выпісалася са шпіталя і падзялілася апошнімі навінамі — на жаль, далёка не аптымістычнымі:

 

Падчас майго лячэння кавярня не працавала, аднак арэнду, падаткі, камунальныя паслугі (налічылі за два месяцы) — гэта ўсё трэба было сплочваць. У мяне з’явілася запазычанасць у 70 мільёнаў рублёў — з якіх грошай мне гэта аддаваць? Давялося прадаць кавярню — літаральна на днях адбылася здзелка з пакупніком. Але нават калі б не было фінансавых запазычанасцяў, у мяне ўжо не было жадання займацца гэтым бізнесам, надзвычай шмат нерваў гэта каштуе. Нічога новага адкрываць дакладна не планую, — кажа Таццяна Аляхновіч.

 

Аднак нават продаж кавярні не пазбавіў прадпрымальніцу праблем: цяпер жанчыну чакае чарговы галаўны боль — адміністрацыйны суд па «парушэннях», якія знайшлі правяраючыя з Міністэрства гандлю. Калі суд прыме бок кантралёраў — Таццяне Аляхновіч выпішуць буйны штраф.

 

Перад тым, як выслаць паперы ў суд, прадстаўнікі Мінгадлю сказалі прадпрымальніцы прыехаць у міністэрства і падпісаць адміністрацыйны пратакол. Таццяна Аляхновіч, засцерагаючыся хамскага стаўлення з боку чыноўнікаў, запрасіла журналіста «Новага Часу» далучыцца да яе.


aliahnovich4_logo_2.jpg


 

Заходжу ў высокі будынак побач са стадыёнам «Дынама» — тут, на рагу вуліц Кірава і Свярдлова месціцца Міністэрства гандлю. Праходжу пашпартны кантроль, шукаю патрэбны кабінет — Таццяна Аляхновіч з мужам, які цалкам падтрымлівае яе ў адстойванні сваіх правоў, ужо на месцы — яны актыўна вядуць дыскусію з кантралёрам Аленай Ярашэвіч. Яна ўдзельнічала ў той самай ганебнай праверцы міні-кавярні, аднак цяпер ніякіх эмоцый на твары чыноўніцы прачытаць немагчыма.

 

Вы пішаце ў заўвагах, што прадавец была без белага халата. Аднак вы самі яго ўзялі і апранулі на сябе! І, нават не памыўшы рукі, пайшлі абшукваць лядоўні. Чаму вы ў лік пратэрмінаваных прадуктаў упісалі маю «ссабойку», якая ляжала на паліцы «санітарны брак»? Чаму рабілі папраўкі ў дакуменце карэктарам, а адмаўлялі гэта? Але ж людзі бачылі, як вы хадзілі па гандлёвых шэрагах і прасілі карэктар! — абурана запытвае Таццяна Аляхновіч.

 

Пытанняў па праверцы і складзеных дакументах у прадпрымальніцы шмат. Аднак Алена Ярашэвіч пакідае іх без увагі і, быццам бы іх не чуючы, непарушна спакойна гаворыць пра неабходнасць запаўнення тлумачальных заяваў і падпісання пратакола, які будзе скіраваны ў суд. Толькі аднойчы эмоцыі праскокваюць на твары кантралёра — калі Таццяна Аляхновіч пытаецца, чаму ў дакументах фігуруе прозвішча Наталлі Васілеўскай, кіраўніцы аддзела кантролю па Мінску, якая ўласна на праверцы не прысутнічала? Алена Ярашэвіч апускае вочы і ківае галавой у бок кабінета сваёй начальніцы, строгай кароткастрыжанай жанчыны, — маўляў, гэтае пытайце ў яе.


Дзяржава ставіцца да нас, як да жывёлаў (+відэа)


Кідаецца ў вочы, як адказвае Ярашэвіч на просьбу прадпрымальніцы даць асадку для запаўнення папераў — маўляў, у вас што, сваёй няма. Няўжо офісныя асадкі, паперу, прынтары і агромністыя ЖКІ-маніторы з кампутарамі чыноўніцы Мінгандлю прыносць з дому, а не набываюць з падаткаў тых жа прадпрымальнікаў?

 

У дакументах, прадстаўленых Таццяне Аляхновіч, няма ані слова пра заўвагі па праверцы, якія падрыхтавала з юрыстам і выслала асобным лістом у Міністэрства гандлю прадпрымальніца — маўляў, калі ёсць жаданне, упісвайце ад рукі на месцы. Аднак перапісаць на паперу дзясятак лістоў А4 — працы на некалькі гадзін! Пры гэтым мы правялі ў кабінеце ўжо паўтары гадзіны. Развітваемся з Таццянай Аляхновіч і дамаўляемся, што яна патэлефануе мне як скончыць пісаць заўвагі і сыдзе з міністэрства.

 

Званок, які я атрымліваю толькі ўвечары, шакіруе:

 

Калі вы і мой муж сышлі (пайшоў рабіць друкаваныя копіі дакументаў — аўт.), пачаўся такі вэрхал! Яны, відаць, адмыслова чакалі, каб я засталася адна. Мяне адразу паклікала Наталля Васілеўская — паводзіла яна сябе вельмі напышліва, увесь час размаўляла на падвышаных тонах. Яна раздрукавала мне пратакол, у якім было пазначана, што я не маю ніякіх заўваг і тлумачэнняў па змесце пратакола, а таксама не маю iншых звестак, неабходных для вырашэння справы.


Я папрасіла перадрукаваць пратакол, бо была з пратаколам не згодная, у мяне маюцца сведкі і відэазапісы. Яна сказала, што я павінна ёй на словах растлумачыць, якія ў мяне прэтэнзіі. Тады я папрасіла зачытаць мне мае правы, бо пачала дрэнна сябе адчуваць, стала кружыцца галава, і я не магла засяродзіцца на тэксце. Васілеўская адмовіла і сказала, што ў пратаколе правы пералічаныя, і я павінна чытаць іх да таго часу, пакуль я не змагу сама зразумець. Таксама яна дала мне ліст для тлумачэнняў па пратаколе, і сказала мне яго запоўніць. Я запярэчыла, што не магу пісаць тлумачэнні, бо мне не быў прадастаўлены ўласна новы пратакол. Пасля гэтага Васілеўская спрабавала прымусіць мяне напісаць гэтыя тлумачэнні — дзякуй Богу, тут вярнуўся мой муж, і ўбачыўшы мой стан, запытаўся ў яе, чаму яна парушае нашы правы і самавольна ўпісвае, што прэтэнзій па пратаколе я не маю. Пасля гэтага Васілеўская спытала, кім з'яўляецца мой муж, даведаўшыся, што ён не юрыст, пачала выганяць яго з кабінета.

 

Далей, па словах Таццяны Аляхновіч, яна пачала задыхацца і выйшла разам з мужам на калідор. Жанчына пазваніла маці параіцца, што рабіць, але наўпрост падчас размовы стаціла прытомнасць.

 

Гэта першы раз у маім жыцці, калі я губляю прытомнасць. У сябе я прыйшла толькі з прыездам хуткай дапамогі. Для мяне гэта шок, мне страшна, што ў такім маладым узросце мой мозг не можа справіцца са стрэсавай сітуацыяй. Калі прыехала хуткая, Васілеўская спрабавала іх заўпэўніць, што дрэнна мне стала не ў яе кабінеце, а ў калідоры. Выпытвала ў іх дыягназ, але лекары ёй не сказалі.

 

Таццяна Аляхновіч сцвярджае, што падчас гэтага вэрхалу з яе рэчаў знік пратакол, які ёй дала Васілеўская — хто і навошта яго забраў прадпрымальніца можа толькі здагадвацца. У лякарні жанчыне зрабілі некалькі ўколаў і паставілі кропельніцу.

 

Дарэчы, за апошні час Таццяне Аляхновіч прыйшлі адказы ад дзяржаўных інстытутаў, куды яна скіроўвала прэтэнзіі па праверцы і прыкладала відэазапісы. Адказы, хоць і займаюць па дзве старонкі кожны, па сутнасці бессэнсоўныя: Камітэт дзяржкантролю скіраваў прадпрымальніцу ў Мінгандлю, Генеральная пракуратура — аналагічна, а міністр гандлю не ўбачыў у дзеяннях сваіх падначаленых парушэння заканадаўства...

 

Тым не менш, Таццяна Аляхновіч не складвае рукі. Цяпер жанчына рыхтуе абарону для адміністрацыйнага судовага працэсу, а таксама збіраецца сама падаваць у суд на кантралёраў з Міністэрства гандлю.

 

Калі адкінуць эмацыйны складнік, не зважаць на адкрытае хамства супрацоўнікаў міністэрства і нават умоўна пагадзіцца з вынесенымі парушэннямі, у сухой рэшце застаецца: дзеянні супрацоўнікаў Мінгандлю — у прыватнасці, закрыццё кавярні за «пратэрміноўку» на 65 тысяч рублёў — фактычна прывялі да разарэння прадпрымальніцы і сур’ёзна падарвалі яе здароўе, а таксама цалкам знішчылі давер да дзяржаўных структур. А калі дадаць два страчаныя працоўныя месцы (ІП і прадавец), страчаныя падаткі ў бюджэт і выдаткі з дзяржаўнага бюджэту на месяцовае лячэнне ў шпіталі — выходзіць, Мінгандлю загнаў у мінус і дзяржаву. Каму ад гэтага лепш?