Дзяржава ставіцца да нас, як да жывёлаў (+відэа)
Супрацоўнікі Мінгандлю прыйшлі з пазапланавай праверкай ў міні-кавярню — адразу пасля іх візіту «хуткая» забрала ўладальніцу кавярні Таццяну Аляхновіч у шпіталь з высокім ціскам. Зараз прадпрымальніца злегла з нервовым зрывам.
Невялікая кавярня на чатыры столікі месціцца ў адным з мінскіх гандлёвых цэнтраў, дзе прадаюцца разнастайныя аўтамабільныя тавары. Ужо некалькі дзён як пакупнікі, так і прадаўцы застаюцца без адзінага месца, дзе можна было падмацавацца ды выпіць кубак кавы. Кавярня працуе год, і за гэты час перажыла дзве праверкі — калі на працу санстанцыі Таццяна Аляхновіч не наракае, ад праверкі Міністэрства гандлю жанчына дагэтуль у шоку.
Пакуль Таццяна Аляхновіч ехала ў кавярню, рэвізоры ўжо пачалі праверку.
Пасля з кутка, дзе вісіць інфармацыя для спажыўцоў, узяў арыгінал дакумента асартыментага пераліку з пячаткай — і наўпрост у арыгінале пачаў нейкія свае лічбы пісаць асадкай! У афіцыйным дакуменце!
Па выніках праверкі рэвізоры вынеслі прадпісанні зачыніць кавярню на 10 дзён, хаця выяўленыя парушэнні цяжка назваць істотнымі — у прыватнасці, на цэнніках няправільна указаныя назвы краін-вытворцаў (напрыклад, не Рэспубліка Беларусь, а РБ), не была вывешаная інфармацыя пра забарону прадаваць запальнічкі асобам да 15 гадоў; на бутэльцы з сіропам для кавы дрэнна разбіраецца тэрмін прыдатнасці — дарэчы, на відэазапісе бачна, што рэвізор пагадзіўся з прадаўцом, што надпіс прачытаць нескладана, аднак, як вынікае з дакументаў, усё ж унёс гэта ў спіс парушэнняў... У лік парушэнняў унеслі і адсутнасць спецвопраткі, нягледзячы на тое, што прадавец паказала адмысловы халат правяраючым — дзяўчына зняла вопратку на некалькі хвілін, бо выходзіла ў прыбіральню, аднак гэты довад яны да ўвагі не прынялі.
Самай «цяжкай» правінай рэвізоры палічылі наяўнасць пратэрмінаваных прадуктаў — тыя самыя дзве катлеты з ссабойкі, пачак сухарыкаў, якія ляжаў на вітрыне ў якасці прыклада (адпаведная пазнака, што сухарыкі — узор і не прадаюцца, была на пачку) і адзін бутэрброд (“бульбадог”, які проста размарожваўся ў лядоўні). Агульная сума “пратэрміноўкі” — 65 тысяч рублёў. Нават калі пагадзіцца з рэвізорамі і палічыць гэтыя прадукты пратэрмінаванымі — ці варта за такую суму зачыняць кавярню?
Акрамя сапсаванага здароўя, прадпрымальніца можа панесці велізарныя фінансавыя выдаткі. Дакладных сумаў Таццяна Аляхновіч яшчэ не пралічвала, аднак толькі штраф, які ёй могуць выпісаць, складае некалькі мільёнаў. А яшчэ 10-дзённы кошт арэнды, камунальных паслугаў, падаткаў... Да таго ж у кавярні засталося шмат ежы. Забраць дадому і з’есці, каб не прападала, прадпрымальніца не можа, бо ў выпадку, калі яе скаргі на вынікі праверкі ў Міністэрства гандлю, Камітэт дзяржкантролю і Генеральную пракуратуру будуць задаволеныя, жанчына будзе патрабаваць кампенсацыі за папсаваныя прадукты.
Таццяна Аляхновіч зазначае, што дакументы па выніках праверкі складзеныя неахайна: шмат абдруковак, прадпісанні на закрыццё кавярні (афіцыйныя дакументы) раздрукаваныя на чарнавіках; у адным з экзэмпляраў зробленыя папраўкі карэктарам; у дакуменце пазначана, што праверку праводзіла тры рэвізоры, а насамрэч іх было двое. Дарэчы, калі рэвізоры прывезлі ў кавярню прадпісанне на закрыццё, Таццяны Аляхновіч на месцы не было, і рэвізоры, пагражаючы міліцыяй, спрабавалі прымусіць падпісаць дакументы прадаўца (ёсць на відэа ніжэй).
Яшчэ адна дзіўная акалічнасць: разам з рэвізорамі падчас праверкі прысутнічалі двое невядомых людзей — мужчына з фотаапаратам і жанчына з дыктафонам. Па іх гутарцы Таццяна зразумела, што яны быццам бы з газеты, аднак яны не прадставіліся, а калі прадпрымальніца спыталася, на якой падставе жанчына вядзе аўдыёзапіс, яна хуценька схавала дыктафон у сумку (ёсць на відэа).
Таксама на відэазапісе бачна, як рэвізоры паказваюць на паліцы і вітрыну і актыўна каментуюць “журналістам”, паказваюць унутраныя дакументы кавярні, абяцаюць выслаць акт праверкі жанчыне на мэйл...
Чаму ж правяраючыя так дачапіліся да яе сціплай міні-кавярні Таццяна Аляхновіч не ўяўляе. Мажліва, паказная праверка для “журналістаў”, мажліва, скаргу на кавярню напісаў помслівы кліент.
Таццяна Аляхновіч складваць рукі не збіраецца і гатовая нават да судовых спрэчак:
Гэтая гісторыя незвычайная таму, што ўся праверка зафіксаваная на камеру відэаназірання, і фактычныя дзеянні рэвізораў (акрамя праверкі ў падсобцы, дзе камера не фіксуе) можна параўнаць з тым, як праверка мусіць праводзіцца. Мажліва, менавіта таму, што правяраючыя не чакалі, што іх дзеянні будуць запісвацца на відэа, што Таццяна Аляхновіч не ціха пагодзіцца з парушэннямі і выплаціць штраф, а напіша скаргі і звернецца ў СМІ, пакуль (прынамсі ў Інтэрнэце) мы не змаглі знайсці хоць якую інфармацыю пра гэтую праверку ад таямнічых журналістаў...
Мажліва нашыя чытачы сутыкаліся з падобнымі сітуацыямі альбо маюць станоўчы досвед абароны ад недобрасумленных рэвізораў — пішыце на адрас рэдакцыі novychas@gmail.com, Таццяна Аляхновіч шукае аднадумцаў.
Таццяна Аляхновіч пагадзілася прадставіць фрагменты відэазапісу, якія дакладна пацьвярджаюць яе словы
Пра адмову прадставіць пасведчанні таямнічых журналістаў:
Пра спецвопратку:
Пра дыктафонны запіс:
Пра раскрыццё ўнутраных дакументаў:
Пра пагрозу міліцыяй:
Пра тэрмін прыдатнасці сіропа для кавы:
Пра кнігу рэвізій: