«А ў турме зараз вячэра ...», або Што неабходна ведаць арыштанту пра свае правы на сутках
Знаходжанне ў перапоўненых камерах, адсутнасць харчавання на працягу
некалькіх дзён, немагчымасць справіць натуральныя патрэбы,
непрадастаўленне інфармацыі пра затрыманых родным і блізкім — усё гэта
таксама прыраўноўваецца да катаванняў і бесчалавечнага абыходжання. І
гэта не павінна станавіцца нормай.
Што сёння трэба ведаць адміністрацыйна арыштаванаму пра свае правы? Адказы ў прававым лікбезе ад "Вясны".
Навошта мне ведаць пра ЦІП/ІЧУ, я ж не правапарушальнік? Ад патраплення на суткі не застрахаваны ніхто. Прычынай арышту можа быць ваш удзел у мірнай акцыі пратэсту, репост ў сацыяльнай сетцы або проста знаходжанне не ў тым месцы не ў той час. |
Няхай. Мяне затрымалі і прывезлі ў ізалятар часовага ўтрымання або цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Што першае мяне там чакае? Спачатку будзе афармленне. Хутчэй за ўсё вы некаторы час будзеце стаяць тварам да сцяны, трымаючы рукі за спіной, пакуль супрацоўнікі будуць рабіць запісы ў сваіх дакументах. Потым у дачыненні да вас правядуць асабісты вобшук, а вашы рэчы - даглядзяць. У вас забяруць усе вострыя, колючыя і рэжучыя прадметы, шнуркі, мабільныя тэлефоны, ключы, пашпарт і іншыя рэчы, забароненыя да захоўвання ў камеры. У гэты момант вы можаце сказаць, што хочаце ўзяць з сабой у камеру са свайго заплечніка, напрыклад, сродкі гігіены: мыла, ручнік, зубную шчотку і пасту, гігіенічныя пракладкі, туалетную паперу, сурвэткі і інш. Таксама газеты ці кнігі, зменную вопратку. Вядома, калі ўсё гэта вы прадбачліва паклалі ў свой заплечнік загадзя. Пры неабходнасці (калі гэтага не было зроблена ў РУУС) вас сфатаграфуюць і дактыласкапіруюць. |
А асабісты вобшук як праводзяць? Поўны асабісты вобшук праводзяць у асобным пакоі, дзе вам скажуць распрануцца і старанна агледзяць ваша цела, а таксама адзенне і абутак. Калі на вас будзе абутак з супінатарамі і металічнымі набіванкамі, яго забяруць на часовае захоўванне, а вам прыйдзецца хадзіць басанож па камеры, пакуль сваякі не прынясуць вам іншы зменны абутак. Памятаеце, што праводзіць поўны асабісты вобшук мае права толькі супрацоўнік/ца аднаго з вамі полу, а ў пакоі наогул не павінны знаходзіцца асобы супрацьлеглага полу. У некаторых выпадках ад затрыманых патрабуюць прысядаць некалькі разоў, на выпадак утойвання забароненых прадметаў у "цяжкадаступных месцах". |
Якія правы ў мяне ёсць? Пры паступленні супрацоўнікі ІЧУ/ЦІП павінны азнаёміць вас з правамі і абавязкамі, рэжымам утрымання, распарадкам дня, парадкам падачы хадайніцтваў, прапаноў, заяў і скаргаў. Аднак, на практыцы гэтага часта не адбываецца. Максімум, што вам могуць прапанаваць, пасля вашых настойлівых просьбаў - падысці да адпаведнага стэнда і пачытаць. Знаёмцеся загадзя! У вас ёсць права:
|
Зразумела. А што потым? Потым вам выдадуць пасцельныя прыналежнасці - навалачку і прасціну, дазволяць узяць незабароненыя для захоўвання асабістыя рэчы і прадукты і адвядуць у камеру. Аднак, згодна з нормамі забеспячэння адміністрацыйна арыштаваных пасцельнымі рэчамі і бялізнай, вам павінны выдаць яшчэ адну прасціну і адну навалачку, два ручнікі і адзін гігіенічны ручнік для жанчын. Пры гэтым замена пасцельнай бялізны павінна адбывацца не радзей за адзін раз у 7 дзён. Указаныя рычы выдаюцца бясплатна ў часовае карыстанне на перыяд утрымання. Вам таксама павінны выдаць на трое сутак: мыла гаспадарчае і туалетное - па 20 гр., паперу туалетную - 2,5 м., пры неабходнасці гігіенічныя пракладкі або тампоны для жанчын - 6 штук, але часта гэтыя нормы парушаюцца. Апроч гэтага, у камеры павінны быць стол і лаўкі з пасадкавымі месцамі па колькасці месцаў у камеры, ложкі, санітарны вузел і рукамыйніца, тумбачкі для захоўвання гігіенічных сродкаў, радыёпрыёмнік і урна для смецця, вентыляцыйнае абсталяванне і тэлевізар (пры наяўнасці магчымасці). Калі чагосьці не хапае - можаце указаць на гэта дзяжурнаму. |
Ці магу я папрасіць перавесці мяне ў іншую камеру? Так, можна прасіць аб пераводзе ў іншую камеру, напрыклад, калі вы не паліце, а ўсе астатнія арыштанты паляць. А таксама калі вы лічыце, што вашаму жыццю і здароўю пагражае небяспека з боку іншых адміністрацыйна арыштаваных. План пакамернага размяшчэння адміністрацыйна арыштаваных складаецца начальнікам установы на суткі. Гэта значыць, што практычна кожныя суткі вас могуць пераводзіць з камеры ў камеру, што выцягвае шмат сілаў. Таксама памятайце, што мужчыны размяшчаюцца асобна ад жанчын. |
Ці магу я звярнуцца па медыцынскую дапамогу? Яшчэ ў момант паступлення ў ЦІП або ІЧУ пры правядзенні асабістага ператрусу адміністрацыйна арыштаваныя аглядаюцца медыкам, які таксама праводзіць апытанне аб стане здароўя і захворваннях, якія патрабуюць сталага прыёму лекавых сродкаў, а таксама для выяўлення прыкметаў інфекцыйных захворванняў, каросты, педыкулёзу, цялесных пашкоджанняў. Па выніках апытання заяўленыя вамі скаргі на стан здароўя і характар аказанай медыцынскай дапамогі заносяцца ў журнал уліку адміністрацыйна арыштаваных. Калі вам неабходна прымаць нейкія лекі, ведайце, што захоўвацца яны будуць у медыцынскага работніка, выдавацца для прыёму будуць вам у прысутнасці супрацоўнікаў месца адбыцця адміністрацыйнага арышту. Таксама вы можаце прасіць паклікаць лекара/фельчара і нават выклікаць хуткую, калі будзеце сябе дрэнна адчуваць. Работнікі ўстановы павінны неадкладна выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі. Калі медыкі прымуць рашэнне аб тым, што вам неабходна дапамога ва ўмовах стацыянара, вас абавязаны накіраваць у лякарню. Пры выяўленні ў арыштанта інфекцыйнага захворвання, каросты, педыкулёзу падчас яго ўтрымання ў месцах адбыцця адміністрацыйнага арышту ён змяшчаецца ў асобную камеру. Памятаеце, што вы маеце права карыстацца асабістымі туалетнымі прыладамі, а раз у тыдзень вам павінны даць магчымасць прыняць душ працягласцю не менш за 15 хвілін. |
А карміць будуць? Так, як правіла, тры разы на дзень. Посуд і сталовыя прыборы выдаюцца на час прыёму ежы. Больш за тое, ёсць нормы харчавання: |
Памятаеце, што па выхадзе вам трэба будзе пакрыць выдаткі на харчаванне - 0,5 базавай велічыні за кожныя суткі.
Добрай дапамогай на сутках будуць прадуктовыя перадачы.
Хто можа перадаваць мне перадачы?
Згодна з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях вы можаце атрымліваць пасылкі, перадачы, бандэролі без абмежавання iх колькасцi ад блізкіх сваякоў: маці, бацькі, брата, сястры, дзядулі, бабулі, жонка/мужа, дзяцей.
Пасылкі або перадачы, якія паступілі не ад блізкіх сваякоў, уручаюцца адміністрацыйна арыштаваным з дазволу кіраўніка месца адбыцця адміністрацыйнага арышту.
Таксама загадзя паклапаціцеся пра тое, каб азнаёміць сваіх блізкіх з пералікам рэчаў і прадуктаў, якія можна перадаваць, і працэдурай перадачаў.
Чым можна заняцца на сутках?
Вы можаце чытаць кнігі, газеты, калі вам іх перадалі або яны ёсць у сукамернікаў, рабіць фізічныя практыкаванні, пісаць лісты, скаргі, маляваць, гуляць у настольныя гульні: шахматы, шашкі, даміно (выдаецца адзін камплект на камеру), хадзіць на прагулкі.
У заканадаўстве ўстаноўлена, што для адміністрацыйна арыштаваных прадугледжана штодзённая прагулка не менш за гадзіну. Карыстайцеся гэтым правам!
Аднак памятайце, што за ўдзел у азартных гульнях вас могуць змясціць у адзіночную камеру або карцэр.
А працаваць абавязкова?
Адміністрацыя месца адбыцця адміністрацыйнага арышту можа прыцягваць вас да ўборкі камеры, дзе вы знаходзіцеся, без аплаты такой працы.
Адміністрацыйна арыштаваныя па арт 9.27 КаАП ( «ухіленне бацькоў, абавязаных кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца ці знаходзіліся на дзяржаўным забеспячэнні, ад працаўладкавання па судовай пастанове ці працы») абавязкова прыцягваюцца да працы.
Іншыя адміністрацыйна арыштаваныя прыцягваюцца да працы з іх згоды. Аплата працы адміністрацыйна арыштаваных робіцца ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Таксама адміністрацыйна арыштаваныя па ч. 10 арт. 13.6 КаАП ( «нявыплата або няпоўная выплата плацельшчыкам сумы збору на фiнансаванне дзяржаўных выдаткаў») абавязкова прыцягваюцца да выканання грамадска карысных работ - работ без аплаты, для выканання якіх не патрабуецца наяўнасць пэўных прафесійных ведаў і навыкаў, кваліфікацыі, якія мае сацыяльна карысную значнасць для адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.
Ці магу я адпраўляць і атрымліваць лісты і паштоўкі?
Так, можаце. Варта ўлічваць, што ўсе адпраўлення падвяргаюцца цэнзуры. А таксама, што лісты і тэлеграмы, якія не паддаюцца прачытанню, выкананыя тайнапісам, шыфрам або змяшчаюць абразлівыя, нецэнзурныя словы або выразы, звесткі, якія могуць спрыяць здзяйсненню злачынства, адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама звесткі, аднесеныя да дзяржаўных сакрэтаў ці іншай ахоўнай законам таямніцы, адрасату не адпраўляюцца, адміністрацыйна арыштаваных не ўручаюцца.
Калі ў вас няма паперы, канвертаў і марак, вы можаце звярнуцца да адміністрацыі з просьбай выкарыстаць вашыя грошы, якія знаходзяцца ў яе на захоўванні, для набыцця канвертаў і марак, аплаты кошту адпраўлення заказнога ліста, тэлеграмы.
А патэлефанаваць дадуць?
Калі вы зверніцеся з пісьмовым хадайніцтвам на імя начальніка ЦІП або ІЧУ, то з яго дазволу вам могуць прадаставіць тэлефонныя размовы. У сваім хадайніцтве неабходна ўказаць тэлефонны нумар, прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, адрас месца жыхарства асобы, якой будзе адрасаваны званок.
Праўда для тэлефоннай размовы на тэрыторыі месца адбыцця арышту павінен быць усталяваны таксафон, а ў вас павінна быць тэлефонная картка. Калі пры паступленні ў вас была тэлефонная картка, то вам яе выдадуць на час вядзення тэлефоннай размовы. Калі карткі ў вас не было, але былі грошы, то па вашай пісьмовай заяве такая картка можа быць набытая супрацоўнікам установы за кошт вашых грашовых сродкаў.
Не дапускаецца выкарыстанне службовых тэлефонаў і сродкаў мабільнай сувязі для вядзення тэлефонных размоваў адміністрацыйна арыштаванымі.
Хто падчас сутак можа прыходзіць да мяне?
Права наведваць адміністрацыйна арыштаванага ёсць у адваката. Пры гэтым сустрэча павінна праходзіць у асобным пакоі, а самі зносіны - сам-насам і канфідэнцыйна без абмежавання колькасці і працягласці гутарак.
Падчас сустрэчы ні вам, ні адвакату нельга карыстацца кампутарам, фота-, аўдыё-, відэаапаратурай і іншымі тэхнічнымі сродкамі сувязі.
Таксама могуць прыходзіць супрацоўнікі розных ведамстваў для правядзення нефармальных «гутарак», але варта памятаць, што па рашэнні суда вы ўжо несяце адказнасць за правапарушэнне, а таму не абавязаны ні з кім нефармальна весці размовы.
А вось са сваякамі і сябрамі ўбачыцца не атрымаецца аж да вызвалення.
Ці магу я падаць скаргу на ўмовы ўтрымання ў ІЧУ ці ЦІП?
Так, вы можаце падаваць скаргі як вусна, так і пісьмова на імя начальніка ўстановы, у якім утрымліваецеся, падчас «адседкі». Для напісання такіх скаргаў, а таксама хадайніцтваў, прапаноў, заяў вам па вашай просьбе павінны выдаць пісьмовыя прыналежнасці і паперу. Аднак не здзіўляйцеся, калі вам нічога не выдадуць, а яшчэ і забяруць усе наяўныя прылады для пісьма ў камеры падчас «ранішняга шмону».
Таксама пасля вызвалення з сутак можаце накіраваць скаргу як на імя начальніка ЦІП або ІЧУ, так і вышэйстаячы орган цi вышэйстаячай службовай асобе, указаўшы ўсе парушэнні ва ўмовах вашага ўтрымання.
Па дапамогу ў напісанні такой скаргі можна звярнуцца да юрыстаў ў Праваабарончы цэнтр "Вясна".
Калі ў вас засталіся пытанні, пішыце на пошту "Вясны" - viasna@spring96.org