За кратамі, бо журналіст

Галоўны рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч з 23 верасня знаходзіцца ў ізалятары за Акрэсціна. Яго падазраюць паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп). Пацярпелым па справе праходзіць намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў, паведамляе «Свабода».

97346c66_93f6_4cc0_a78f_366a0ad10ea6_w1023_r1_s.jpg

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)

Хто такі Ягор Марціновіч

Ягор Марціновіч — галоўны рэдактар анлайн-выдання «Наша ніва». Гэта пераемніца аднайменнай «першай беларускай газеты з рысункамі». З 1991 па 2018 «Наша ніва» выдавалася ў друкаваным выглядзе спачатку як штотыднёвік, пасля як штомесячнік. Апошнія два гады рэдакцыя працуе выключна ў інтэрнэце. Гэта самы папулярны ў свеце беларускамоўны вебсайт.

Ягору Марціновічу 32 гады. «Гэта чалавек рэдкай смеласці, выключнага прафесіяналізму і ўзорнай сумленнасці, напісаў шэф-рэдактар „Наша нівы“ Андрэй Дынько. — Менавіта таму ён у 30 гадоў узначаліў Нашу Ніву і за пару гадоў вывеў наша выданне на супервышыню».

Калі затрымалі рэдактара «Наша нівы»

Раніцай 23 верасня дадому да Ягора Марціновіча і яго жонкі Адар’і Гуштын, якая працуе журналісткай Tut.by, прыйшлі з вобшукам супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС.

Вобшук праводзіўся ў рамках справы па артыкуле аб паклёпе. Пацярпелым праходзіць намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў. Пасля завяршэння вобшуку Марціновіча разам з яго адвакатам павезлі на допыт у Следчы камітэт. З кватэры забралі ўсю лічбавую тэхніку, тэлефоны, флэшкі, пашпарты, сім-карты.

 

Гуштын паведамляла, што яе муж ужо даваў тлумачэнне па сітуацыі з артыкулам пра Барсукова, 23 верасня ён павінен быў паехаць на азнаямленне з экспертызай, але замест гэтага міліцыя прыехала да іх дадому.

У чым падазраюць Ягора Марціновіча

Ягор Марціновіча змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна. Ён знаходзіцца ў статусе падазраванага паводле артыкула 188 КК (паклёп). Вінаватым у паклёпе можа пагражаць да трох гадоў пазбаўлення волі, сказаў Свабодзе адвакат Марціновіча Сяргей Іваноў.

17 жніўня «Наша Ніва» апублікавала інтэрв’ю з адным з дыджэяў, якія ўключылі 6 жніўня падчас афіцыйнага мерапрыемства ў Кіеўскім скверы Менску песню Віктара Цоя «Перамен». Улад Сакалоўскі распавёў журналістам, што ў ізалятары на Акрэсціна яго збіваў меркавана намеснік кіраўніка МУС Аляксандр Барсукоў.

У артыкуле адзначалася: на трэці дзень адбыцця арышту ў карцар, дзе сядзеў Сакалоўскі, прыйшоў нейкі начальнік і ўдарыў яго два разы. «Пасля выхаду Ўлад Сакалоўскі пазнаў у гэтым начальніку Аляксандра Барсукова, намесніка Караева. Барсукоў прыязджаў пад Акрэсціна ў ноч на 14 жніўня, запэўніваў людзей, што ў камерах нікога не б’юць і не катуюць», — пісала выданне.

Улад Сакалоўскі з’ехаў з Беларусі, бо, паводле яго словаў, атрымліваў пагрозы пасля публікацыі таго інтэрв’ю.

Ці можна журналіста судзіць за паклёп?

Адвакат Сяргей Зікрацкі ўпэўнены, што справа супраць галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча павінна быць неадкладна спыненая, бо ў яго не было прамога намеру на паклёп.

«За паклёп наогул нельга судзіць. Міжнародныя прынцыпы свабоды выказвання меркавання і дзейнасці медыя зыходзяць з таго, што адказнасць за паклёп можа быць толькі грамадзянска-прававая. Калі былі распаўсюджаныя выказванні, якія некага ганяць, то на медыя або журналіста можа быць накладзены штраф. Але журналіст не можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці», — напісаў Зікрацкі.

Аднак, адзначыў ён, у некаторых краінах, у тым ліку ў Беларусі, яшчэ засталася крымінальная адказнасць за паклёп. Паводле слоў адваката, артыкул 188 Крымінальнага кодэкса Беларусі прадугледжвае, што адказнасць за паклёп надыходзіць толькі пры наяўнасці прамога намеру. «Гэта азначае, што асоба ведае, што звесткі недакладныя, тым не менш іх распаўсюджвае», — растлумачыў адвакат.

«Журналіст, які атрымлівае інфармацыю ад сваіх крыніц, не можа дакладна ведаць, кажа крыніца праўду ці не. У гэтай сувязі ў журналіста ў абсалютнай большасці выпадкаў не можа быць прамога намеру на распаўсюд ілжывых выказванняў», — заявіў Зікрацкі.

Супраць Марціновіча вядзецца і адміністрацыйны працэс? Яго ужо затрымлівалі пасля выбараў

25 верасня Адар’я Гуштын паведаміла, што яе мужу прыйшла позва ў суд на 28 верасня ў рамках адміністрацыйнага працэсу за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу.

Адар’я Гуштын лічыць, што гэта можа быць справа па факце ягонага затрымання 11 жніўня, калі спецназаўцы выцягнулі яго з машыны, закінулі ў аўтазак, пабілі, ноч трымалі на зямлі каля Заводскага РУУС, а пасля перавезлі ў жодзінскую турму. Агулам ён быў у няволі 2 з паловай дні. Пасля Ягора прывезлі на машыне пад МУС на Гарадскі вал, дзе ў прысутнасці прэс-сакратара МУС Вольгі Чамаданавай перадалі жонцы і калегам.

Адарʼя нагадвае, што гэтая сітуацыя пасля абмяркоўвалася на сустрэчы рэдактараў з прадстаўнікамі МУС і Міністэрства інфармацыі, Вольга Чамаданава публічна заяўляла, што яны разбяруцца, хто і чаму выцягнуў журналіста з машыны, біў і трымаў на зямлі.

«Пра вынікі “разбору” нічога не вядома. Затрымаць Ягора ў адміністрацыйным парадку яшчэ раз у гэтай справе нельга, нагадаю, ён ужо адсядзеў 2,5 дня, і нават калі тады не аформілі пратакол затрымання, то ён быў зарэгістраваны ў Жодзіне, МУС давала шматлікія каментары пад запіс пра ягонае затрыманне, зрабіць выгляд, што нічога гэтага не было», — перакананая Адарʼя Гуштын.