Абскарджана адмова суду на ўзбуджэнне справы ў абарону Курапатаў
19 лютага прадстаўнікі грамадскасці накіравалі ў Мінскі гарадскі суд прыватную скаргу на пастанову суддзі суда Цэнтральнага раёна Мінска Івана Майсейчыка, які 5 лютага адмовіў заяўнікам ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы супраць Міністэрства культуры.
30 студзеня прадстаўнікі грамадскасці звярнуліся ў суд Цэнтральнага раёну Мінска са скаргай на дзеянні Міністэрства культуры і начальніка ўпраўлення па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі гэтага міністэрства Ігара Чарняўскага.
Сярод заяўнікаў скаргі — старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 85-гадовы Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка, а таксама грамадскі актывіст Алесь Макаў, які ў 2008 годзе затрымаў у Курапатах вандалаў, за што пазней страціў працу.
У скарзе, між іншым, адзначалася, што Мінкультуры павінна каардынаваць дзейнасць у сферы аховы гістарычна-культурнай спадчыны іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама ажыццяўляць кантроль за выкананнем заканадаўства ў названай галіне. Апроч таго, у скарзе нагадвалася, што заканадаўства забараняе знішчэнне нерухомай матэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці, або стварэнне пагрозы яе знішчэння.
Разам з тым, як зазначалася ў скарзе, Мінкультуры нічога не зрабіла па каардынацыі дзейнасці рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання для выканання прадстаўлення Генеральнай пракуратуры Мінскаму аблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 года і кантролю за яго выкананнем. Як вядома, гэтае прадстаўленне зафіксавала парушэнні заканадаўства ў дачыненні да Курапатаў, калі СТАА “БелРэстІнвест” самавольна і незаконна ўзвяло у недатыкальнай ахоўнай зоне ўрочышча з яго заходняга боку шэраг новых пабудоў аб’екту прыдарожнага сервісу з былой назвай “Бульбаш-хол” на 51-м кіламетры Мінскай кальцавой аўтадарогі. Па выніках разгляду прадстаўлення Генпракуратуры ў Мінаблвыканкаме 27 снежня 2012 года было прынята аднагалоснае рашэнне аб неабходнасці вынасу 4 дамкоў аб’екту прыдарожнага сервісу з тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў. Аднак і па сёння гэтае рашэнне, што павінен быў выканаць “БелРэстІнвест”, засталося толькі на паперы.
Замест выканання прадстаўлення Генпракуратуры ад 27.11.2012 г. Мінкультуры незаконна звузіла мяжу ахоўнай зоны каштоўнасці з яе заходняга боку такім чынам, каб усе пабудовы аб’екту прыдарожнага сервісу апынуліся па-за межамі ахоўнай зоны. Гэтае рашэнне Мінкультуры ўзмацняе антрапагенны ўціск на Курапаты і пагражае яго знішчэнню, бо шырыня ахоўнай зоны з заходняга боку ўрочышча скарацілася з 120 да 50 метраў.
Заяўнікі прасілі суд: прызнаць дзеянні Міністэрства культуры па звужэнню межаў ахоўнай зоны Курапатаў з іх заходняга боку неправамернымі і такімі, што ўшчамляюць правы заяўнікаў; абавязаць Мінкультуры прывесці названыя межы ахоўнай зоны ўрочышча ў ранейшы стан.
Пастанову суддзі Івана Майсейчыка, які адмовіў заяўнікам ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы на дзеянні Мінкультуры, прадстаўнікі грамадскасці лічаць незаконнай і неабгрунтаванай.
Вось чаму грамадскія актывісты накіравалі ў Мінгарсуд прыватную скаргу, у якой, між іншым, адзначаецца, што ў выніку названых дзеянняў Мінкультуры пацярпелі Курапаты, парушаныя правы заяўнікаў, а ў выгадзе засталося толькі СТАА “БелРэстІнвест” — заказчык работ па будаўніцтве аб’екту прыдарожнага сервісу.
Прадстаўнікі грамадскасці просяць калегію па грамадзянскіх справах Мінгарсуду адмяніць пастанову суду Цэнтральнага раёну г. Мінска ад 5 лютага і перадаць пытанне на новы разгляд у той жа суд першай інстанцыі.
Разам з тым, 19 лютага грамадскія актывісты ў чарговы раз накіравалі заяву на асабісты прыём да генеральнага пракурора і скаргу з просьбай правесці адпаведную праверку і распачаць крымінальную справу супраць тых, хто трэці год не выконвае прадстаўленне Генпракуратуры Мінскаму аблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 года наконт выпраўлення парушэнняў заканадаўства пад час забудовы ахоўнай зоны Курапатаў.
Нагадаем, што з такімі скаргамі грамадскасць звяртаецца ў Генпракуратуру з 4 снежня 2014 года, аднак пакуль безвынікова. Прычым сваю адмову ў правядзенні праверкі і ўзбуджэнні крымінальнай справы Генпракуратура аніяк не матывуе нормай айчыннага заканадаўства.
Пра названыя скаргі ў Мінскі гарадскі суд і Генпракуратуру грамадскія актывісты паведамілі 19 лютага на прэсавай канферэнцыі ў Мінску.
На прэсавай канферэнцыі, між іншым, узгадвалася, што, згодна арт. 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом. Таму адмова заяўнікам ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы супраць Міністэрства культуры з’яўляецца незаконнай, заявілі ўдзельнікі прэсавай канферэнцыі.