У Бярозе працягваюцца суды за гадоўлю свіней

Бярозаўскія ўлады вырашылі пакараць жыхароў мястэчка Малеч Мікалая Палейку і Ганну Дакучыц. Яны набылі свіней пасля выхаду Пастановы Савета міністраў ад 14 лістапада 2014 года.



kurapaty_mk_skarha_minharsud_19_2_15_1_logo.jpg

У пастанове сказана, што санітарная зона ад дзяржаўных свінафермаў можа быць скарочана да паўкіламетра, а іх вёска знаходзіцца больш за кіламетр ад фермы. Тым не менш раённай ветэрынарнай службай былі складзены пратаколы, кажа Мікалай Палейка:

— Яны ўжо прывыклі, прыедуць, напалохаюць якую-небудзь старую бабулю. Прыехаў Белавежкін са сваёй світай і кажа: вы парушылі пастанову 878-ю 2013 года (пастанова Бярозаўскага райвыканкама), вас чакае штраф столькі і столькі базавых велічыняў, мы будзем складаць пратаколы. А я адразу сказаў, што нічога падпісваць не буду.

Дэпутат Першамайскага сельскага савета Валер Білібуха абураецца дзеяннямі раённай улады. Якая публічна прызнала памылковасць складання пратаколаў, тым не менш каральных функцый не спыніла:

— На сходзе 4 лютага, калі задалі пытанне пра незаконнае складанне пратаколаў мясцовым чыноўнікам, яны адказалі, што ўсе людзі могуць памыляцца. А людзей усё роўна прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці, выклікаюць у райвыканкам на разбіральніцтва.

Разбіральніцтва справы пенсіянера Мікалая Палейкі перанеслі на іншы час пасля таго, як з ім зайшлі на камісію сведкі і ён паведаміў, што будзе весці дыктафонны запіс.

Паводле слоў актывіста кампаніі “Гавары праўду” Валянціна Лазарэнкава, камісія паступіла не этычна і незаконна:

— Неэтычна таму, што грамадзянін сталага ўзросту прыйшоў замест жонкі, якая, як гіпертонік, хварэе і ледзьве ходзіць нават па хаце. А з яго запатрабавалі даверанасць ад жонкі і даведку аб яе хваробе. Афіцыйная прычына неразгляду нібыта ў тым, што пратакол складзены на жонку Палейкі і свінка у хляву не сямейная маёмасць, а муж — асоба старонняя.

Незаконна таму, што грамадзянін мае права на дыктафонны запіс паседжання. Напярэдадні, на сходзе у в.Малеч, службовая асоба казала, што пратаколы былі састаўлены памылкова. Ёсць гэты запіс. А што яна скажа на камісіі? Можа зноў “памылкова” абвінаваціць.

Запіс даваў магчымасць гэта адсачыць. У любым выпадку, з доказамі прынятага рашэння можна пагадзіцца, а можна і аспрэчыць. Не вядома і тое, што пасля паседжання будзе у пратаколе камісіі. Камісія паказала, што яна баіцца запісу. Дарэчы, гэта не першае паседжанне, на якім забаронена весці дыктафонны запіс.

Дакучыц Г. атрымала папярэджанне. Паглядзім, як будзе вырашана справа сям’і Палейкаў, бо незаконнае складанне пратакола абскарджана ў Бярозаўскай пракуратуры”.