Абсурд года
Міністэрства ўнутраных спраў у гэтым годзе загразла ў скандалах. Калі б нехта меў на мэце спецыяльна сапсаваць імідж установы за такі кароткі тэрмін — ён бы не здолеў дзейнічаць так эфектыўна, як самі міліцыянты.
Найперш гэта тычыцца, канешне, помніка гарадавому. МУС усталявала за ім відэаназіранне і вызначае, якія дзеянні ля помніка караюцца, а якія — не. Спачатку міліцыя затрымала хлопца, які даў статуі аплявуху, і прымусіла яго выбачацца на камеру. Адказнасць за гэта ўзяў на сябе персанальна міністр Шуневіч. На пытанне журналіста (па-руску, бо беларуская не перадае смак адказу) «Зачем вы это сделали?», Шуневіч адказаў проста: «Затем».
Потым быў затрыманы мужчына, які павязаў шалік на шыю гарадавога з мэтаю яго «сагрэць» і сфатаграфавацца. А дзяўчыны, якія хацелі «сагрэць» скульптуру пацалункамі, высветлілі, што нават цалаваць яе забаронена.
Усё гэта ўзняло вэрхал кпінаў у грамадстве ды інтэрнэце. Але не толькі такім абсурдам вызначылася міліцыя.
За «распаўсюд нацысцкай сімволікі» спрабуюць прыцягнуць да адказнасці Мікалая Дзядка. Пры тым, што Дзядок — анархіст, а значыць, антыфашыст. Усе яго кпіны з гэтай сімволікі чамусьці расцэньваліся як «прапаганда».
Яшчэ адна аўтарка НЧ, Дзіяна Серадзюк, была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці «за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі». Гэта быў акт салідарнасці з украінскімі маракамі ля расійскага пасольства, калі актывісты паставілі на парапет папяровыя карабельчыкі ў знак пратэсту супраць дзеянняў Расіі ў дачыненні да ўкраінскіх караблёў у Азоўскім моры. Дзіяна была там як журналістка, але атрымала штраф, нават нягледзячы на тое, што мела афіцыйнае рэдакцыйнае заданне на асвятленне гэтай акцыі і па выніках напісала артыкул.
Увосень Віталь Рымашэўскі быў аштрафаваны за арганізацыю масавай акцыі ў Курапатах, арганізатарам якой ён не быў. У міліцэйскім пратаколе было напісана: «Выказваў публічна меркаванне ў дачыненні да рэстарана «Паедзем, паядзім».
Але вішанькай на торце ўсё ж стаў працэс па справе Зміцера Галко, таксама былога супрацоўніка «Новага Часу». Згодна з паказаннямі міліцыянтаў, Галко быў адначасова затрыманы і на вуліцы Бурдзейнага ў Мінску, і ў кватэры на вуліцы Мележа. То бок, ён знаходзіўся ў двух месцах адначасова, што з’яўляецца фенаменальным адкрыццём у квантавай фізіцы.
Столькі абсурду за год не нарабіла ніводнае ведамства. І пакуль супрацоўнікі МУС РБ не падалі на «нобелеўку» па фізіцы, мы надаем ім «шнобелеўку» па піяры, працы з грамадскасцю і, як ні прыкра, па сумневу ў іх дзеяннях з пункту гледжання беларускага заканадаўства.
30 снежня стала вядома аб прызначэнні новага начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў — прэс-сакратаром Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі сталаВольга Чамаданава. Пагледзім, ці атрымаецца ў яе выратаваць імідж ведамства.