Год грамадскай актыўнасці
Мінаючы год сапраўды будзе годам грамадскай актыўнасці.
Пачаткам гэтай актыўнасці была падрыхтоўка да маштабнага святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Па-першае, гэта было сапраўды народнае свята. Грошы на яго былі сабраныя праз краўдфандынг — добраахвотныя ахвяраванні. І сабрана іх было столькі, што гэта нават дазволіла запусціць рэкламу на вялікіх экранах у Мінску.
Па-другое, упершыню гэта было свята, а не ўласна палітычная акцыя. Безумоўна, палітыка там прысутнічала, хаця б у безлічы бел-чырвона-белых сцягоў. Але, найперш, настрой быў святочны, а не канфрантацыйны. Там ніхто не падзяляў людзей на «сваіх» і «чужых». Там усе былі разам.
Па-трэцяе, наведалі гэтую імпрэзу ў Мінску каля 50 тысяч чалавек. Такога масавага «апазіцыйнага» мерапрыемства мы не бачылі даўно.
І, урэшце, рабіла гэтае свята не кампанія палітыкаў, а кампанія маладых і амбітных менеджараў і крэатыўшчыкаў. Антон Матолька, Павел Белавус з «Арт-сядзібы», Эдуард Пальчыс… І, безумоўна, дзякуй сотням валанцёраў, якія раздавалі абвесткі, запрашэнні, працавалі на самім свяце. Гэта было маштабна!
Паводле чутак, зараз гэтыя людзі запускаюць кампанію #БНР-101
Канешне, другой па значнасці падзеяй была (і застаецца) «Курапацкая Варта». Дагэтуль не разумею, чаму адкрыццё рэстарацыі «Паедзем, паядзім» было запланавана на 30-годдзе публікацыі славутага артыкула Пазняка і Шмыгалёва пра Курапаты. Свядомы гэта быў ход альбо несвядомы, але ў выніку пратэсты пад рэстарацыяй перараслі ў сталую грамадскую кампанію.
Падаецца, нават у часы Перабудовы пра Курапаты не пісалі столькі, колькі напісалі за апошнія паўгода. Тэма дагэтуль не застаецца па-за ўвагай СМІ і грамадства. І гэта — у час інтэрнэту, калі адна падзея не трывае ў навінах больш за тры-чатыры дні. А тут — паўгода.
Зрэшты, рэзананс вакол Курапатаў літаральна прымусіў уладу ўсталяваць там мемарыяльны помнік. Я не буду спрачацца, такі ён ці не такі. Там ён стаіць ці не там. Але… Усталявання хоць якога дзяржаўнага мемарыяльнага знаку ў Нацыянальным Некропалі грамадства дамагалася больш за чвэрць стагоддзя! І ён быў усталяваны — сёлета. Ці не вынік?
Прынамсі, зараз ніхто не зможа сказаць: «Курапаты — гэта невядома што». Гэта дзяржаўна мемарыялізаванае месца рэпрэсій — вось што гэта.
На трэцяе месца я б паставіў, безумоўна, пратэсты ў Брэсце супраць акумулятарнага завода. Перш за ўсё — крэатывам. Гэта ж трэба дадумацца: калі ўлады забараняюць мітынг — мы выйдзем на плошчу карміць галубоў! І выходзілі ж. І кармілі! Штонядзелю.
Прычым, гэта былі не актывісты нейкіх партый і рухаў (хаця і яны там былі, безумоўна), і не «запісныя палітыкі» (хаця туды часам наведваліся Лябедзька і Статкевіч). У большасці гэта былі звычайныя жыхары горада.
І, канешне ж, захапленне выклікае тое, што берасцейцы не здаваліся ў самай безнадзейнай сітуацыі. Калі ім казалі, што ўсё вырашана, што ніхто нічога мяняць не будзе, што на аб’екце ўжо 80 працэнтаў абсталявання… Немаведама што ім казалі. А ў выніку — міністр паабяцаў: «Калі што не так, завод не адкрыем». І прайшла інфармацыя, што сам праект накіраваны на дадатковыя грамадскія слуханні.
Дарэчы, з аналагічнай праблемай і на чацвёртым месцы знаходзяцца жыхары Светлагорску, якія актыўнымі дзеяннямі таксама пакуль не далі запусціць цэлюлозны камбінат, пабудаваны кітайцамі.
І я не магу не аддаць належнае ініцыятыве «Матчын рух 328». «Мужныя жанчыны» — на любой мове гучыць аксюмаранам. Але гэтыя жанчыны неаднаразова выходзілі не куды-небудзь, а да будынку парламента ў Мінску. Яны абвяшчалі галадоўкі. Яны, са сваімі патрабаваннямі змяніць нягеглы і драконаўскі артыкул Крымінальнага кодэкса, дагрукаліся да самых вышэйшых эшалонаў улады. Яны займелі падтрымку ў парламенце і ледзь-ледзь не змянілі заканадаўства. Хіба што крыху не хапіла, каб даціснуць.
З іншага боку — мы ведаем, што такое наш парламент. І, напэўна, правіна ў тым, што «наркатычны» артыкул так і не быў зменены, — не іх. Зрэшты, яны прымусілі выйсці да сябе дэпутатаў і заявіць, што абмеркаванне гэтай праблемы не спыніцца, што пытанне з папраўкамі ў 328-мы артыкул не закрытае, і яно яшчэ будзе разглядацца — хай і на наступнай сесіі парламента.
Яны прымусілі ўладу слухаць сябе.
Гэта, канешне, не перамога. Але гэта дасягненне, якое можа прывесці да перамогі.
Напрыканцы года многія адзначаць: год быў складаны. Канешне, ён быў складаны, насычаны, але затое які цікавы! Чакаем 2019-ты.