Суд на таемным паседжанні прызнаў законным штраф Рымашэўскаму за Курапаты
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі 28 снежня атрымаў з Мінскага абласнога суду ліст, згодна з якім 4 снежня суддзя Іосіф Станкевіч у адказ на скаргу палітыка прызнаў законным выпісаны яму 29 кастрычніка штраф у 735 рублёў за акцыю пратэсту ў Курапатах каля рэстарацыі «Паедзім паядзім».
Нагадаем, што Віталь Рымашэўскі быў асуджаны Мінскім раённым судом за тое, што 9 верасня “дэманстратыўна стаяў ля брамы рэстарацыі на фоне бела-чырвона-белага сцяга”.
Сустаршыня БХД адзначыў, што не атрымліваў ніякіх позваў ці паведамленняў пра судовае паседжанне 4 снежня.
“Вось такія ў нас адкрытыя беларускія суды. Калі трэба ім, улады могуць знайсці любога не толькі па мабільным, нават праз сваякоў, але тут ні паведамленняў, ні выкліку ў суд. Паборы з беларускіх грамадзян — «дармаедаў», бізнесменаў, грамадскіх актывістаў — становяцца для рэжыму важнай крыніцай даходу бюджэту. Нашы бутафорскія суды — ганьба для краіны”, — падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.