Што пагражае Курапатам? Чатыры тэзісы Алеся Чахольскага

Адной з найбольш важных падзей 2018 году — 7-месячная акцыя ў Курапатах супраць адкрыцця і дзейнасці рэстарацыі «Поедем поедим», піша «Радыё Свабода».



8aaa24b7_80d5_43dd_87c3_f0dc6add8a6b_cx0_cy3_cw0_w1023_r1_s.jpg


Актыўны ўдзельнік акцыі — кіраўнік грамадскай дырэкцыі Народнага мемарыялу Курапаты, адзін з кіраўнікоў КХП БНФ Алесь Чахольскі, які каля 20 гадоў апякуецца месцам згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Дзякуючы ягоным арганізатарскім намаганням у Курапатах паўсталі тысячы крыжоў, былі праведзеныя дзясяткі акцый памяці і сотні талокаў. Напярэдадні новага года Алесь Чахольскі падзяліўся са “Свабодай” сваім бачаннем сітуацыі, якая склалася вакол Курапацкага мемарыялу.

Сістэмная атака спэцслужбаў на Курапаты

Паводле версіі Чахольскага, «адбываецца сістэмная атаку расейскіх спецслужбаў з дапамогай беларускай філіі на мемарыял Курапаты». Змаганне за ўшанаванне годнасці нашых продкаў, змаганне з «Поедим Поедим» выявіла, што рэстарацыя не з’яўляецца толькі аб’ектам прыдарожнага сэрвісу, перакананы Чахольскі.

«Гэты абʼект па структуры як вайсковыя база. Людзі, якія ахоўваюць абʼект, называюцца адміністратарамі, але выконваюць функцыю ахоўнікаў. Яны ўсе — адстаўнікі сілавых структураў. Сама інфраструктура забаўляльнага комплексу пабудаваная так, каб прыняць, напрыклад, роту "зялёных чалавечкаў". Гэты абʼект стратны, тым не менш гэта ўсё падсілкоўваецца і фінансуецца, я думаю, менавіта спецслужбамі. Высветлілася, што туды заязджаюць супрацоўнікі прыватных ахоўных фірмаў. А прыватныя расейскія фірмы — гэта ў тым ліку можа быць і ЧВК Вагнера. Яны могуць выканаць пэўную ролю падчас закалотаў, а пасля ўвядуць узброеныя сілы чужой дзяржавы. Гэтую версію нельга адкідваць», — перакананы былы вайсковец Алесь Чахольскі.

Мірны пратэст супраць дзяржаўнага помніку

7-месячная вахта ў Курапатах працягнецца і ў наступным годзе. Праз яе прайшлі сотні чалавек, прайшлі з розных рэгіёнаў Беларусі. Што дае варта? Яна дае не толькі кантроль, але і з’яўленне новай інфармацыі, што і як адбываецца вакол Курапатаў, лічыць Чахольскі.

«Калі ўлады адкрывалі афіцыйны помнік у Курапатах, яны чакалі, што абаронцы будуць паводзіць сябе агрэсіўна. Грамадства гэты знак не прыняла, гэта была наша маральная пазіцыя, таму што не месца яму там, дзе яго паставілі. А ўлады думалі, што адбудуцца бойкі, і таму падчас усталявання і ўсіх афіцыйных мерапрыемстваў у Курапатах увесь час дзяжурыў спецназ. Яны ўвесь час правакавалі людзей, каб зрабіць закалоты. Але пратэст прайшоў мірна і спакойна», канстатуе Чахольскі.

Актывізацыя вандалаў пасля некалькіх гадоў зацішша

 «Некалькі гадоў у саміх Курапатах было зацішша. Мы прыводзілі тэрыторыю ў парадак, ставілі крыжы. А ў папярэднія гады вандалы паламалі і спалілі дзясяткі крыжоў. Гэта адбываецца невыпадкова. Не было каманды — было невялікае зацішша. Зараз ізноў паступіла каманда, і вандалы актывізаваліся, пачаліся правакацыі — з’яўленне зорак Давіда на памятным знаку, спроба разбурэння лавы Клінтана», — гэта ўсё кіраўнік грамадскай дырэкцыі Народнага мемарыялу Курапаты лічыць сістэмнай працай спецслужбаў і называе ініцыятараў такіх дзеянняў «вандаламі ў пагонах».

 

Спробы ўладаў узяць пад кантроль усталяванне крыжоў у Курапатах

Чахольскі нагадвае пра сістэмную працу актывістаў у справе замены на новыя струхлеўшых крыжоў па перыметру мемарыялу. Паводле актывіста, гэтыя працы спрабуе ўзяць пад кантроль ідэалагічны аддзел Мінаблвыканкаму. Паводле Чахольскага, усталяванне крыжоў ад 2000 года ўзгаднялася з тагачаснай навуковай кіраўніцай Курапацкага мемарыялу Маяй Кляшторнай, пра што ёсць адпаведныя дакументы.

«Зараз Мінаблвыканкам пачаў падводзіць нашую справу пад пастанову Саўміну ад 19 верасня "Аб некаторых пытаннях стварэння, рэканструкцыі і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва". Быццам бы мы парушаем яе, але ў першай главе пастановы дакладна патлумачана, што адносіцца да гэтага. Крыж не з’яўляецца манументальным творам, крыж з’яўляецца хрысціянскім сімвалам, ушанаваннем памяці. І не можа быць ніякіх узгадненняў, каб чалавек прынёс на магілу і паставіў крыж. Калі карыстацца іх логікай, то на ўсіх беларускіх могілках стаяць цэлыя манументальныя комплексы, бо там стаяць крыжы. Няўжо каб паставіць крыж па бацьку ці маці, трэба гэта ўзгадняць у мясцовых органах? Гэта маразм», — лічыць Чахольскі.

www.svaboda.org