Абвешчаны пераможцы прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці-2016»
23 снежня ў Менску прайшла восьмая цырымонія ўручэння прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці». Асамблея неўрадавых дэмакратычных арганізацый адзначыла найбольш выбітныя і яскравыя падзеі ў грамадскім сектары за бягучы год.
Адкрываючы цырымонію, старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч адзначыў, што прэмія «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці» – гэта прызнанне калег па сектары: «Мы спадзяемся, што яна дае штуршок новым ініцыятывам, якія пашыраюць у Беларусі прастору дэмакратыі і нацыянальнага адраджэньня».
У намінацыі «Грамадскі лідар году» перамог Зміцер Дашкевіч, які цягам 2016 году ініцыяваў збор подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гістарычнай каштоўнасці, знішчыў «3,5 кв.м урадлівага слою глебы» на беларуска-расійскай мяжы, пратэставаў супраць адкрыцця графіці «Масква-Мінск» і ўсталявання помніку Леніну.
Прэмію ў намінацыі «Новая ініцыятыва» атрымала ўстанова «Human Constanta», якая запомніліся грамадству дзеяннямі ў абарону правоў уцекачоў і мігрантаў у Брэсце.
Журы прэміі, у якую сёлета ўвайшло 116 чалавек, у намінацыі «Крэатыў
году» адзначыла невядомага мастака, які дамаляваў калючы дрот на прапагандысцкім
графіці «Мінск-Масква».
Рэгіянальнай падзеяй назвалі кампанію ў абарону гісторыка-культурнага раёну Мінска «Асмалоўка». Тутэйшыя жыхары ўжо некалькі гадоў змагаюцца за захаванне гэтага кутку сталіцы.
У намінацыі «Партнёрства года» журы адзначыла платформу Talaka.by. На гэтай некамэрцыйнай пляцоўцы актыўныя людзі знаходзяць каманду, памочнікаў і фінансы для рэалізацыі сваіх ідэй. Найбольшай падтрымкай на платформе карыстаюцца ідэі ў сфэры развіцця беларускай мовы і культуры. Статуэтку і дыплом на цырымоніі атрымалі крэатыўны дырэктар Talaka.by Іван Вядзенін і Юлія Бабруйская.
«Медыяактыўнасцю году» быў названы анлайн-часопіс «Имена», які дае магчымасьць не толькі даведацца пра гісторыі, лёсы і ўчынкі беларусаў, а таксама ствараць і падтрымліваць важныя для грамадства праекты. Рэдактарка анлайн-часопіса Кацярына Сінюк не змагла прыйсці на цырымонію, але даслала вітальны ліст, у якім адзначыла: «Наш праект стаў магчымым толькі дзякуючы людзям. Рэдакцыя часопісу «Имена» дзякуе кожнаму, хто аддаў свой голас за нас».
Антыпрэміяй «Гарбуз» году адзначылі супрацоўнікаў ГУУС Мінгарвыканкаму, якія сёлета жорстка затрымалі ўдзельнікаў негвалтоўнай акцыі раварыстаў «Крытычная маса».
За найбольш грунтоўнае і рознабаковае асьвятленне актуальных для неўрадавага сектара тэм у намінацыі «Медыя/журналіст году» прыз атрымала Галіна Абакунчык з Радыё Свабода – аўтарка 98 матэрыялаў пра грамадзянскую супольнасць, яе ініцыятывы і пераслед у 2016 годзе.
Кампаніяй года была прызнаная кампанія па зборы подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, #нашсцяг.
Прэмія «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці» адзначае найбольш значныя і яскравыя падзеі ў жыцці трэцяга сектара. 23 снежня 2009 году ўпершыню адбылася нефармальная цырымонія ўзнагароджання найбольш выбітных грамадскіх ініцыятыў ды кампаній. Прэмія заснаваная Асамблеяй НДА. Пераможцаў абірае журы (сёлета – 116 чалавек), у якое ўваходзяць сябры Рабочай групы Асамблеі, грамадскія лідары і экспарты, пераможцы прэміі мінулых гадоў, журналісты.