Ахвяры сталічнага ўшчыльнення патрабуюць адправіць Ладуцьку ў адстаўку
Ушчыльненне забудовы Мінску, якую актыўна ажыццяўляюць улады сталіцы, апошнім часам стала праблемаю не толькі для жыхароў мікрараёну Уручча. Супраць рэканструкцыі, якая няўхільна прывядзе да знішчэння часткі дваровых тэрыторыяў, выступілі жыхары вуліцы Калініна. Тут на месцы старога дзіцячага садку гарадскія ўлады плануюць узвесці 9-павярховы будынак, а неўзабаве і 2 чарговыя шматпавярховікі.
ЖЫХАРЫ ВУЛІЦЫ КАЛІНІНА:
“Па сутнасці, у нас не застанецца зялёных зонаў, не будзе дзе гуляць з дзецьмі. Мы застанемся ў каменных джунглях”.
“Увесь цэнтр Мінску цяпер забіваюць новабудоўляю. Гэта не развяжа праблемы. Ну, тысяча чалавек, ну, пару тысячаў... Глабальна трэба асвойваць новыя тэрыторыі, весці
камунікацыі”.
Аднак будаваць новыя дамы ля старых прасцей і, галоўнае, танней. Пры гэтым, як паказвае практыка, інтарэсы жыхароў сталіцы папросту ігнаруюцца. Па сутнасці, пытанне ўшчыльнення забудовы на
вуліцы Калініна нават не выносілі на грамадскія слуханні, што ўжо ёсць парушэннем заканадаўства.
МАРГАРЫТА ПАВІЛЬЧУК, ЖЫХАРКА ВУЛІЦЫ КАЛІНІНА:
“Мы папрасілі ў адміністрацыі Першамайскага раёну, каб нам паведамілі, у якіх медыях і калі была апублікаваная аб’ява пра грамадскія слуханні. Ужо год мы лістуемся з усімі без
выключэння інстанцыямі, і ніхто нам гэтай інфармацыі не дае. З чаго мы зрабілі выснову, што аніякай аб’явы не было”.
Змагацца супраць ушчыльнення жыхары вуліцы Калініна пастанавілі талакою, вызначыліся з часам і месцам правядзення адмысловага сходу. Аднак працаўнікі ЖЭСу напярэдадні пазрывалі ўлёткі наконт яго
правядзення, а найбольш актыўных запрасілі на размову ў адміністрацыю Першамайскага раёну. Пусцілі ж у будынак далёка не ўсіх, хто захацеў прысутнічаць на сустрэчы з чыноўнікамі.
МАРГАРЫТА ПАВІЛЬЧУК, ЖЫХАРКА ВУЛІЦЫ КАЛІНІНА:
“Яны не хочуць пускаць туды групу падтрымання. Яны мяркуюць, што жыхары іншых мікрараёнаў ці іншых дамоў не маюць права падтрымаць нас і выказаць сваё меркаванне. Гэта, безумоўна, ёсць
парушэннем нашых канстытуцыйных правоў”.
Тым часам сход незадаволеных дзеяннямі ўладаў жыхароў усё ж адбыўся. Яны склалі і зачыталі зварот у Адміністрацыю прэзідэнта ды ў пракуратуру, у якім заклікалі дапамагчы грамадзянам адстаяць
свае правы. Але далёка не ўсе вераць, што гэткія захады будуць эфектыўныя.
ЖЫХАРЫ ВУЛІЦЫ КАЛІНІНА:
“Пакуль у нас не памяняецца вярхушка ўлады, дагэтуль будуць чыніцца здзекі з народу!”.
“Я вельмі баюся, што гэтую праблему не развязаць на ўзроўні гэткага сходу. Яе трэба развязваць на ўзроўні як мінімум Адміністрацыі і парламенту. Тут справа ў тым, што ў нас прызначаюць
чыноўнікаў, у нас няма выбараў”.
І тым не менш жыхары вуліцы Калініна спыняцца не збіраюцца. Яны і надалей гатовыя змагацца за свае правы. Сярод патрабаванняў — і адстаўка старшыні Мінгарвыканкаму Мікалая
Ладуцькі.