Ад мясцовых ініцыятыў — да змагання за ўладу

Адсутнасць сістэмнай апазіцыі, рэальнага прадстаўніцтва выбаршчыкаў ва ўладзе прымушае актыўную частку насельніцтва шукаць іншыя спосабы вырашэння хаця б сваіх мясцовых праблем.

img_20190904_130731.jpg

За апошнія гады рэзананс атрымалі шэраг грамадзянскіх і рэгіянальных ініцыятыў, прычым некаторыя з іх выйшлі на рэспубліканскі ўзровень. Наступны крок, аб чым гавораць самі іх ініцыятары, — удзел у выбарах, каб мець магчымасць уплываць на прыняцце ўладных рашэнняў, а не толькі змагацца з іх негатыўнымі наступствамі.


Лакальныя поспехі

Пратэсты жыхароў Брэста супраць будаўніцтва і ўвядзення ў эксплуатацыю акумулятарнага завода сталі адной з самых гучных рэгіянальных ініцыятыў. Улады рэагавалі на штотыднёвыя акцыі ў выглядзе кармлення галубоў у цэнтры абласнога цэнтра затрыманнямі і пагрозамі, але, калі праблема атрымала рэспубліканскі розгалас, вымушаны былі пайсці на саступкі. Як вынік — чэрвеньскі ўказ кіраўніка Брэсцкага аблвыканкама аб спыненні будаўніцтва завода і нават затрыманні тых, хто быў непасрэдна звязаны з парушэннямі пры прыняцці адпаведных рашэнняў.
«Цяпер удзельнікаў акцый ніхто не затрымлівае, толькі вядзецца відэаздымка, — адзначае блогер Аляксандр Кабанаў. — Як гэтага ўдалося дамагчыся? Галоўнае, сабралася каманда аднадумцаў, запрацаваў, можна сказаць, цэлы прафесійны штаб. У нас сышлося ўсё: ёсць юрысты, рэакцыя прэсы і неабыякавыя грамадзяне. Цяпер будаўніцтва завода ў замарожаным становішчы. Але пра перамогу казаць заўчасна. Чыноўнікі марудзяць з адказамі на нашы запыты, бо самі не ведаюць, якое рашэнне будзе прынята на самым версе».
З сацыяльнага і экалагічнага пратэсту акцыі пераходзілі і ў палітычную плоскасць. Але людзі здолелі даказаць, што мясцовыя ўлады самі штурхаюць іх у палітыку, што справа — у самой заганнасці ўладнай сістэмы.

Пасля выбараў — адкат назад?

Падчас парламенцкай і прэзідэнцкай выбарчых кампаній улады будуць рабіць усе, каб заспакоіць людзей, у тым ліку адкладваючы прыняцце непапулярных рашэнняў на рэгіянальным узроўні. «Таму спыняцца пасля лакальных перамог, як у сітуацыі з тым жа акумулятарным заводам, нельга. На працягу двух гадоў праблему неабходна вырашаць цалкам, бо пасля выбараў улады зноў вярнуцца да непапулярных рашэнняў», — лічыць старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
У любым выпадку ўлады будуць дзейнічаць у сваіх інтарэсах. Калі трэба — дадуць палёгку, калі пагрозы няма — традыцыйна будуць закручваць гайкі. «Улады адмовіліся ад зваротнай сувязі з насельніцтвам. Незалежная сацыялогія знішчана. Чыноўнікі не ведаюць сапраўдных настрояў у грамадстве, дзейнічаюць, улічваючы свае і вышэйшага кіраўніцтва інтарэсы. Таму нават вырашыўшы сваю мясцовую праблему, не трэба лічыць , што ўсё будзе добра. Шчасця, пакуль не будзе зменаў у грамадстве ў цэлым, не будзе».


Складнік поспеху — розгалас у СМІ

Лёс рэгіянальнай ініцыятывы залежыць ад наяўнасці чалавека, які першы здолее ўзяць на сябе адказнасць за яе рэалізацыю і вакол якога будуць аб’ядноўвацца людзі. Аднак, адзначае актывістка руху «Маці 328» за змякчэнне пакарання па антынаркатычным артыкуле Крымінальнага кодэксу Наталля Шарыпа, аб’яднаўчы фактар грамадства вакол ініцыятывы з’явіўся менавіта пасля розгаласу інфармацыі ў СМІ.
У кожным раёне ёсць актывісты, якія неабыякава ставяцца да мясцовых праблем. Але, не маючы падтрымцы ў грамадства і СМІ, не кожны вырашыцца марнаваць шмат сілаў і сродкаў, каб атрымаць вынікі ад сваіх намаганняў праз гады.

Без палітыкі ўсё ж не абысціся

Грамадзянскія ініцыятывы былі заўсёды. «Але цяпер людзі пачалі разумець, што поспехаў у глабальным маштабе можна дамагчыся праз уплыў на палітыкаў. Гэта адбываецца, напэўна, ўпершыню, — адзначае ініцыятар дыскусіі «Рэгіянальныя ініцыятывы як выклік для ўлады і новыя магчымасці для пераменаў» Анатоль Лябедзька. — Рэгіянальныя лідары гавораць, што яны самі прыйшлі да гэтага. Спачатку многія ініцыятывы ствараліся людзьмі апалітычнымі. Але з часам усе рэгіёны пачалі казаць, што будуць вылучаць на парламенцкіх выбарах сваім прадстаўнікоў».
Сапраўды, ініцыятывы часта лакалізуюцца ў межах рэгіёнаў. Амаль усе яны (выключэнне, напэўна, толькі Брэст) не вельмі раскручаны, аб іх мала ведаюць. Таму трэба казаць аб іх папулярызацыі, і казаць гучна.Аднак змешваць штучна рэгіянальныя праблемы і палітыку нельга. «Людзі лепш разумеюць праблему, з якой яны сутыкнуліся. Яны самі прыйдуць да разумення, што цалкам яе вырашыць можна толькі маючы ва ўладных структурах сваіх прадстаўнікоў, якія ўплываюць на правіла гульні. Сёння нельга пабудаваць востраў дабрабыту ў адным рэгіёне. Гэта трэба рабіць у маштабах краіны», — лічыць Лябедзька.