Ад перамены месцаў складнікаў вынік істотна змяняецца

Сітуацыю ў Беларусі — такую аб’ёмную і бяздонную, як калодзеж з застаялай вадой, — прынята называць «крызісам». Між тым як «крызіс» — гэта пералом, а мы з вамі маем вялікую пухліну, якая расла не адзін год і так ці інакш нічым добрым не скончыцца.

254156145_1036773417117179_8946446554084143853_n.jpg


Крызісаў беларусы бачылі шмат. Пераважнай большасцю — эканамічных. Настолькі шмат, што ўжо носам адчуваюць, калі трэба штурмаваць абменнікі і закупляцца туалетнай паперай. Усялякіх «газавых» і «нафтавых войнаў» мы таксама наглядзеліся. Апошнія паўтара года жывём у стане прахалоднай грамадзянскай вайны — і ўжо пачынаем да яе звыкаць. «Дыктатура», «аўтарытарызм», «тэрор» — таксама не новыя словы: з лета 2020-га іх не прамовіў хоць раз толькі лянівы.
Раслі мы, раслі... І вось дараслі да «гуманітарнай катастрофы». Дакладней, тут трэба спытаць: а ці дараслі?
Палова краіны зараз з жахам назірае за кадрамі з польскіх верталётаў: заціснутыя паміж узброенымі людзьмі маладзёны, жанчыны, дзеці стаяць у некалькіх кроках ад калючага дроту, узведзенага спецыяльна для іх — ад іх. Гледачы разумеюць: позняя беларуская восень не дадасць гасціннасці ў гэтае вітанне. Як не дадаюць яе і абыякавыя служкі рэжыму, для якіх паняцце чалавечнасці ніколі не было блізкім.
Другая палова краіны, счапіўшы зубы, са зласлівай усмешачкай цэдзіць сваё заўсёднае «так ім і трэба», перыядычна разбаўляючы гэта больш ашчадным «мала» і больш радыкальным «ганіце іх прэч». Яны таксама ведаюць і пра познюю восень, і пра блізкую зіму, і пра служкаў рэжыму. Толькі веды гэтыя прыносяць ім задавальненне — патаемнае, неасэнсаванае задавальненне ахвяр, якія не справіліся са сваімі задачкамі: «калі б’юць нас, хай і гэтыя атрымаюць».
Інтэрнэтныя войскі з’едліва прапануюць адпраўляць асабліва чуллівых да мігрантаў — маўляў, паглядзім, што вы скажаце потым, — намякаючы на тое, што раз’юшаныя і даведзеныя да адчаю людзі («малпы» або «чарнаж*пыя», як яны іх называюць) пляваць хацелі на спагаду, клопат і ўсялякія там гуманнасці. Ці разумеюць яны, гэтыя крыважэрныя аматары хлеба і відовішчаў, як тонка з іх лёгкай рукі адбываецца страшная падмена паняццяў? А можа быць, іх якраз задавальняе такое становішча рэчаў?
Людзі, якія бягуць ад сваіх рэжымаў у пошуках лепшага жыцця, не таму начуюць на вуліцах Мінска і паляць вогнішчы ў памежнай зоне, што ім экзотыкі захацелася, вострых адчуванняў і няма куды грошы піхаць. «Гнілая Еўропа» — месца, дзе ў чалавека больш шанцаў ім быць, гэтым самым чалавекам, а не рабом сістэмы, пушачным мясам і прадметам, з якім можна зрабіць што заўгодна. Людзі ратуюць свае жыцці — свае і дзяцей, і гэта самае чалавечае з усіх чалавечых жаданняў: хацець лепшага.
Брудныя лапы рэжыму скарысталіся гэтым жаданнем. Сумленне? Не, не чулі. Так, гэта была здзелка: людзі заплацілі за магчымасць прайсці праз мяжу і трапіць на свабодную тэрыторыю. Іх кінулі так жа па-свінску, як гэта было з многімі былымі «партнёрамі» і «сябрамі». З імі абыходзяцца так жа паршыва, як з намі: як з быдлам, расходным матэрыялам, які можна лёгка выкарыстаць і выкінуць на сметніцу. Галодныя, змерзлыя, зняважаныя, яны маюць права на сваё абурэнне, як і любы ўдзельнік гульні, правілы якой аказаліся пустым гукам. З той толькі розніцай, што ў гэтай гульні гаворка ідзе пра чалавечыя жыцці, дзясятак з якіх ужо страчаны, а колькі яшчэ наперадзе — страшна падумаць. Хто будзе наступным? Жанчына? Дзіця?
Брудныя лапы рэжыму скарысталіся і намі. Гуляючы на нашай злосці і стомленасці, яны падсоўваюць нам ляльку для біцця: дасылаюць паведамленні, у якіх робяць вінаватымі ў пандэміі бежанцаў, правакуюць памежнікаў, ствараюць слязлівыя сюжэты для прапаганды, што раздраконьвае і без таго напятых гледачоў.
Не мігранты вінаватыя ў тым, што мы з вамі ніяк не можам выбрацца з «крызісу». Не іх віна, што сотні палітвязняў у турмах, а тысячы беларусаў з’ехалі — туды, дзе, дарэчы, больш бяспечна. І ўжо тым больш не яны адказныя за тое, што мы 27 гадоў расцілі бесчалавечны рэжым.
Людзі, якія зараз спяць у «спальніках» на голай зямлі і якіх гоняць прыкладамі ў бок калючага дроту, — ахвяры брыдкай помсты, што здзяйсняе ўлада, не здольная спыніцца ў сваёй крыважэрнасці.  
І мы, стомленыя і злыя, недалёка адышлі ад яе ў сваёй абыякавасці. Беларуская «гуманітарная катастрофа» мае шмат вымярэнняў. Знікненне чалавечнасці — адно з іх. Раўнадушша да чужога гора нікога не зробіць больш шчаслівым, і гэта той урок, які нам, тым, каму тут жыць, варта засвоіць: толькі калі нам баліць, мы ведаем, адкуль даставаць стрэмкі і ад чаго прымаць лекі, а значыць — маем шанец выжыць. Інакш пухліна зжарэ нас і не падавіцца.