Памежнік з 15-гадовым стажам — пра дзеянні былых калег: «Яны ўчыняюць службовыя злачынствы»
Беларускі памежны камітэт засведчыў, што ля мяжы з Польшчай цяпер знаходзяцца каля 2 тысяч мігрантаў. Яны спрабуюць прарвацца ў Польшчу — зламалі ў некаторых месцах агароджу. Польскія памежнікі і вайскоўцы «адбіваюць атаку», піша «Радыё Свабода».
Беларускі памежнік, які адслужыў 15 гадоў, пракаментаваў па просьбе «Свабоды» дзеянні сваіх былых калег.
Ён лічыць, што мігранты адназначна з'яўляюцца парушальнікамі — бо знаходзяцца ў памежнай паласе.
«Паводле заканадаўства, для таго. каб знаходзіцца ў памежнай паласе, трэба мець пашпарт і пропуск, які выдалі органы памежнай службы. Тут жа мы бачым, што мігранты вольна „жывуць“ у памежнай паласе, паляць вогнішчы, сякуць дрэвы — і іх ніхто не чапае! У цёмны час сутак наогул нікому нельга знаходзіцца ў памежнай паласе! Гэта рабіць можна толькі ў крайнім выпадку, па рашэнні начальніка органа памежнай службы. Значыць, калі „законна“, то яны знаходзяцца там выключна па рашэнні памежнага начальства», — кажа былы памежнік.
Ён лічыць, што былыя калегі, не звяртаючы ўвагі на парушэнні закону, больш за тое — спрыяючы такім парушэнням, здзяйсняюць службовае злачынства.
«Калі "нелегала" ловяць у памежнай паласе, то інструкцыя стандартная: затрыманне — пратаколы — ІЧУ — прыняцце рашэння па дэпартацыі. І заўсёды так было», — дадаў былы памежнік.
Ён звяртае ўвагу: калі мігранты сёння ішлі па дарозе рэспубліканскага значэння ў бок пункта пропуску — яны нічога не парушалі. Але калі яны збочылі ў лес і трапілі ў памежную паласу — сталі парушальнікамі. «Наколькі я ведаю, памежнікі маюць загад зверху: не затрымліваць мігрантаў, а спрыяць ім», — выказаўся суразмоўца.
Яшчэ ён заўважыў, што цяпер да «аховы» мігрантаў, ці да іх «ачаплення», пачалі прыцягваць і вайскоўцаў тэрміновай службы.
«Яшчэ звярну ўвагу на такую акалічнасьць: на відэа бачна, што "спальнікі" ва ўсіх аднолькавыя, нават у курдаў і сірыйцаў. Гэта значыць, што была цэнтралізаваная закупка. А ў аднаго я заўважыў нават "спальнік", якімі карыстаюцца памежнікі», — зазначыў былы памежнік.