Адбылася чарговая талака ў Курапатах
Фермер Уладзімір Матусевіч, палітык Зміцер Дашкевіч, тэкнік-электрык Віаль Паўлаў і яшчэ больш за 20 чалавек прынялі ўдзел у талацэ, што адбылася ў Курапатах 20 траўня.
Па суботах у чэрвені
падоўжацца талокі па пазначэнні аб’ектаў гістарычнай тапаграфіі Курапатаў. Пра
гэта дамовіліся прадстаўнікі грамадскасці — удзельнікі талакі, што адбылася ў
Народным мемарыяле 20 траўня.
Па запрашэнні
грамадскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” і Маладога Фронту ў лясным
урочышчы працавалі больш за 20 чалавек — людзі розных узростаў і прафесій. Яны
чысцілі стары хваёвы бор ад смецця, галля і сухастою, разбілі кветнікі каля
некаторых мемарыяльных крыжоў і камянёў, пазначылі шэраг аб’ектаў гістарычнай
тапаграфіі Курапатаў.
Наша асаблівая
удзячнасць — беларускаму фермеру Уладзіміру Матусевічу, які не толькі прывёз ва
ўрочышча расаду, чарназём, каменне і прылады працы, але і дапамог разбіць
кветнікі. А сваім асабістым прыкладам лідар Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч натхняў
як паплечнікаў, так і сталых людзей.
Пад час талакі актывістка аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Валерыя Чарнаморцава ладзіла экскурсіі па Курапатах, у тым ліку для здымачнай групы айчыннага тэлеканалу СТБ, а вядомы бард і краязнаўца Аляксей Галіч адказваў на пытанні цікаўных мінчукоў, якія наведвалі Народны мемарыял.
Сярод талакоўцаў былі не толькі жыхары сталіцы, але і аршанец Віталь Паўлаў. Тэхнік-электрык па адукацыі і прафесіі, ён больш за 10 год цікавіцца гісторыяй свайго славутага краю. Спадар Віталь неаднаразова звяртаўся да мясцовых уладаў з прапановамі ўшанаваць памяць выбітных землякоў, якія адзначыліся ў бітвах пад Грунвальдам 15 ліпеня 1410 году і пад Воршай 8 верасня 1514 году, а таксама ўзвесці ў гораде помнік народнаму паэту Беларусі Янку Купале, які натхняўся ў Ляўках каля Воршы, дзе 19 лістапада 1918 году напісаў свой знакаміты верш “Спадчына”.
Калі ж у Фэйсбуку спадар Віталь прачытаў заклік лідара Маладога Фронту паўдзельнічаць у курапацкай талацы, дык не змог адмовіцца. “Я так паважаю нашага змагара за беларушчыну Змітра Дашкевіча і так шаную памяць пра нашых бязвінна забітых продкаў, якія ляжаць у Курапатах, што лічу за гонар прыняць удзел у такой талацэ”, — сказаў Віталь Паўлаў у каментары НЧ.
Чарговая
талака ва ўрочышчы пачнецца 3 чэрвеня а 12.00. Збор — на Галгофе.
Прыбраная тэрыторыя вакол крыжу, што ўзвёў у памяць сваіх рэпрасаваных сваякоў легендарны беларускі дзяяч Уладзімір Кішкурна
З’явіўся кветнік каля памятнага крыжу ў гонар расстраляных заснавальнікаў айчыннай археалогіі
А так — каля закладнога камяня з абяцаннем ураду БССР пабудаваць у Курапатах помнік ахвярам палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў)