Адчувалі «нянавісць да існуючага палітычнага рэжыму». Сям'ю з Гродна жорстка пакаралі за ўдзел у маршы 2020 года

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 3 лютага вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да юрысткі Алены Ягорычавай і слесара Ігара Пазнякова. Сям’ю палітвязняў абвінавацілі ў «дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт 342 КК) і «гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» (арт. 364 КК РБ).

Падчас пратэстаў у Мінску

Падчас пратэстаў у Мінску

Справу разглядаў суддзя Віталь Лабоцкі. Дзяржабвінаваўца — пракурорка Алена Дайліда, паведамляюць праваабаронцы.

Мужа і жонку затрымалі 30 верасня 2021, да суда яны ўтрымліваліся ў гродзенскай турме №1. Паводле абвінавачання, Алена Ягорычава і Ігар Пазнякоў 6 верасня 2020 года па папярэдняй змове паміж сабой і іншымі неўстаноўленымі падчас следства асобамі, «адчуваючы нянавісць да існуючага палітычнага рэжыму і канстытуцыйнага ладу», прынялі ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады на тэрыторыі горада Гродна каля дома 10 па вуліцы Гарнавых, «натхняючы сваімі паводзінамі іншых у мэтах падахвочвання ў іх пачуцця неабходнасці ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Яны сталі ў шэраг і, арганізавана ўзяўшыся за рукі, утварылі «счэпку», дэманструючы свой намер аказваць відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Алену Ягорычаву таксама абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка АМАПа. Паводле версіі дзяржабвінаваўцы, жанчына нанесла «не менш за адзін удар правай рукой у вобласць твару і шыі, пасля чаго ажыццявіла захоп правай рукой за маску і шыю пацярпелага, прычыніўшы яму фізічны боль і пабоі».

Алена — дачка сумнавядомага ў Гродне гісторыка, выкладчыка ГрДУ Уладзіміра Ягорычава. Ён вядомы як заўзяты прыхільнік савецкай мінуўшчыны ва ўсіх без выключэння праявах, а таксама як прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі.

Дзяржабвінаваўца прасіла для Алены Ягорычавай два гады абмежавання волі па ч.1 арт. 342 КК і два гады пазбаўлення волі па арт. 364 КК. Па сукупнасці — два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Ігару Пазнякову па ч.1 арт. 342 КК — абмежаванне волі тэрмінам на 2 гады 6 месяцаў с накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Абаронца Ігара Пазнякова ў судзе адзначыў, што дзеянні, за якія вінавацяць Пазнякова, разглядаліся следствам яшчэ ў 2020 годзе, аднак па выніках разгляду 9 сакавіка 2021 года была вынесена пастанова аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да Ягорычавай і Пазнякова.

Пазнякоў — просты чалавек, сем'янін, які мае пастаяннае месца працы, дзяцей, бацькоў, якіх трэба даглядаць. Таму фраза «адчуваючы нянавісць» не з'яўляецца канструктыўным доказам, гэта больш падобна да літаратурнай фантазіі, дарэчнай, напрыклад, у Дастаеўскага ў рамане «Бесы», і сам выраз «нянавісць да існуючага ладу» ніяк і нікім не даказаная.

«Я ўбачыла мужа і жонку, якія спалохана стаяць у натоўпе, адной рукой жанчына трымаецца за мужа, у другой руцэ ў яе парасон. Калі супрацоўнікі АМАПа пачынаюць наступаць на групу грамадзян, Ягорычава пачынае цягнуць мужа, але я не ўбачыла таго, што яна цягне яго, каб сарваць маску з супрацоўніка міліцыі. А Пазнякоў наогул, не ўсведамляючы, што яна яго цягне, глядзіць у іншы бок, яна цягне яго да плота і ў нейкі момант яе рука аказваецца на ўзроўні шыі супрацоўніка… Я ўбачыла зусім іншае, як жонка спрабуе адцягнуць мужа ад супрацоўнікаў міліцыі, каб ён не атрымаў цялесныя пашкоджанні», — сказала адвакатка.

Яна таксама адзначыла, што відавочных патрабаванняў прадстаўнікоў улады аб спыненні супрацьпраўных дзеянняў на прадстаўленых відэадоказах не чуваць.

«Прысуд павінен быць толькі апраўдальным», — зазначылі адвакаты. Аднак суддзя прыняў бок дзяржабвінаваўцы. Суд пастанавіў прызнаць Ігара Пазнякова вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання тэрмінам у два з паловай гады ва ўстанове адкрытага тыпу. Ён вызвалены з-пад варты. Алену Ягорычаву ж па сукупнасці двух артыкулаў пакаралі пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады.