Філосаф-палітвязень Уладзімір Мацкевіч заўтра распачне галадоўку

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч паўгода знаходзіцца пад арыштам па абвінавачанні ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК РБ).

mackevicz_haladouka.png

Філосаф быў арыштаваны 4 жніўня 2021 года. За ўвесь гэты час, за выключэннем фармальнага прад'яўлення абвінавачання і нязначных фармальных следчых дзеянняў, ніякага руху ў разглядзе справы Уладзіміра Мацкевіча, па сутнасці, не адбывалася, у тым ліку не было прад'яўлена ніякіх фактаў, якія абгрунтоўваюць абвінавачанне. Рэальнай прычынай зняволення з'яўляюцца публічныя выказванні Уладзіміра Мацкевіча пра грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне. Яго ізаляцыя — гэта спроба прымусіць замаўчаць публічнага інтэлектуала, фактычна пераслед філосафа за «мыслезлачынства».

Следства наўмысна зацягваецца, а тэрмін утрымання пад вартай рэгулярна падаўжаецца.

4 лютага Уладзімір Мацкевіч мае намер распачаць галадоўку і выстаўляе наступныя патрабаванні:

- змяніць меру стрымання на падпіску аб нявыездзе;

- завяршыць следчыя дзеянні і перадаць справу ў суд;

- прызначыць дату судовага разбіральніцтва.

Ён збіраецца адмовіцца ад ежы з 4 лютага да выканання патрабаванняў. Плануецца, што першыя дзесяць дзён гэта будзе галадоўка на вадзе. У выпадку невыканання патрабаванняў, па заканчэнні 10 дзён ён пяройдзе да сухой галадоўкі. Таксама Уладзімір Мацкевіч мае намер адрасаваць начальніку СІЗА просьбу аб дазволе на доступ да лекара, натарыуса і пастара.

Паводле прэс-рэліза