«Адзін з АМАПаўцаў сунуў камусьці ў рот дубінку і ашалела крычэў: «Смакчы, сука»
«Прыкладна каля 17.00 за нашымі спінамі спыніўся мікрааўтобус. Праз некалькі
хвілінаў з яго выскачылі людзі ў камуфляжы, у касках і з дубінкамі. Я ўбачыў, як вакол мяне ўсе пачалі разбягацца. Інстынктыўна
памкнуўся да металічнай агароджы парку, каб мяне не збілі з ног».
"У гэты момант я атрымаў удары дубінкай па галаве, спіне і моцным ударам нагі ў шчыкалатку быў звалены на зямлю. Пры падзенні крыху пашкодзіў кісць левай рукі. Мяне схапілі і зацягнулі ў мікрааўтобус, у якім праз пэўны час аказалася яшчэ тры чалавекі.
На сувязь з камандзірам групы выйшлі па рыцыі і голас запытаўся: “Сколько тел взяли?”. У адказ паведамілі: “Три”.(Хоць у мікрааўтобусе знаходзілася чатыры чалавекі). Голас начальніка дадаў: “Никого не выпускать и всех отпиз…”
Мне і, здаецца, яшчэ аднаму чалавеку надзелі кайданкі. Прыкладна каля 10-15 хвілінаў мікрааўтобус не кранаўся з месца, а потым нас падвезлі да перакрыжаваньня вуліцаў Першамайская і Пуліхава. Акрамя міліцыянтаў і некаторых затрыманых, якіх міліцыянты вялі, там нікога не было. Мяне зноў ударылі па галаве, перадалі супрацоўнікам міліцыі і тыя павялі да фургону з кратамі, які знаходзіўся за мастом цераз Свіслач. Тут груба загадалі пакласці рукі на фургон, ударылі па нагах, абшукалі і заштурхнулі ўнутр.
Са мной разам апынуліся пятнаццацігадовы Руслан, спадар Пражнікаў, Андрэй Новік, Павал Пырнік, Сяргей Музычын і іншыя (9 ці 10 асобаў). Нас прывезлі ў Партызанскі РУУС. Мяне выклікалі асобна і прывялі ў кабінет на другім паверсе будынка РАУС. Прыйшоў нейкі раз’ятраны міліцыянт, які злосна сказаў, што мяне пасадзяць. Потым прыйшоў яшчэ адзін і загадаў весці ўніз. У холе мяне падвялі да зніякавелага бамжа і запыталіся ў яго: “Ён?”. Бомж адказаў: “Ён”. Дзеля пэўнасці агучылі, што той чалавек мае сядыя і доўгія валасы. Знялі мой берэт, і ўсе ўпэўніліся ў тым, што я, сапраўды, маю доўгія валасы. Мяне зноў павялі на другі паверх.
У кабінеце следчага па крымінальных справах сп. І. Жэбіта (як высветлілася пазней) хутка з’явіўся тры, мяркуючы па ўсім, салдаты тэрміновай службы Белпалка. Яны пачалі складаць рапарт. З іхніх размоваў паміж сабой я зразумеў, што гаворка ідзе пра збіццё капітана міліцыі падчас Маршу і ўзбуджэнне супраць мяне крымінальнай справы.
Я папрасіў усіх прысутных прадставіцца. Зрабіў гэта толькі сп. І. Жэбіт, астатнія адмовіліся. На маіх вачах рапарт быў складзены, падпісаны трыма міліцыянтамі, што адмовіліся прадставіцца, і перададзены Жэбіту.
Жэбіт пачаў допыт і складанне пратаколу. Праз нейкі час, пасля шэрагу зададзеных пытаньняў і атрыманых з майго боку адказаў, ён прамовіў, што тут нешта не тое і што па маёй справе ўжо выкліканы следчы пракуратуры Партызанскага раёна.
У асобным кабінеце зрабілі відэаздымкі, зноў адвялі на першы паверх і памясцілі ў камеру часовага ўтрымання. Праз нейкі час я быў выкліканы да следчага пракуратуры. Звалі яго Уладзімір Пятровіч (прозвішча не запомніў). Да майго скрайняга здзіўлення следчы, калі я папрасіў яго занесці ў пратакол усё, што адбывалася са мной у пастарунку, паведаміў, што рапарта няма і на заканчэнне сустрэчы ён сказаў, што мусяць хутка разабрацца ў маёй справе.
Прыкладна праз паўтары гадзіны, недзе каля 0.30, мяне зноў вывелі з камеры часовага ўтрымання і камандзір групы спецназу, якая канваіравала нас у размеркавальнік пачаў складаць новы пратакол. Паводле новага пратаколу, які аказаўся аднолькавым для ўсіх затрыманых, я браў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным шэсці, не падпарадкоўваўся папярэджанням міліцыі і выгукваў нейкія лозунгі. На падставе неадпаведнасці фармулёвак я адмовіўся падпісаць пратакол.
Мяне вывелі ва двор РУУС. АМАПаўскі аўтобус ужо разварочваўся на двары. Мяне перадалі АМАПаўцу і той літаральна закінуў мяне ў аўтобус, хоць у гэтым, як і ва ўсіх папярэдніх выпадках, не было аніякай патрэбы. Ні ў водным з выпадкаў я не аказваў аніякага фізічнага супраціву прадстаўнікам праваахоўных органаў і не рабіў аніякіх спробаў збегчы.
У аўтобусе, у якім не было святла, я паспрабаваў сесці на вольнае месца. Гэта аказалася недаравальнай памылкай. Я быў схоплены і кінуты на падлогу ў задняй частцы аўтобусу. Аднак упаў я на груду чалавечых целаў. Ніводнае з гэтых целаў не варушылася, і я падумаў, што людзі знаходзяцца ў стане непрытомнасці. Мне было загадана ляжаць тварам уніз.
АМАПаўцы загрузіліся ў аўтобус і мы крануліся з месца. Адразу ж яны выявілі жаданне распачаць “дыялог”. Дзеля гэтага кагосьці побач са мной моцна ўдарылі дубінкай. Пры дапамозе той жа самай дубінкі зваявалі да сябе ўвагу і ўсіх затрыманых. Усіх нас паабяцалі памясціць у камеру з гомасэксуалістамі і з вялікім задавальненьнем апісвалі дэталі таго, што нас чакае. Адзін з АМАПаўцаў сунуў камусьці ў рот дубінку і ашалела крычэў: “Сасі, сука”.
Знявагі і пагрозы згвалтаваньня былі выказаныя і ў адрас адзінае сярод нас маладой жанчыны, маці траіх дзяцей, Вольгі. Пагрозы, удары дубінкай, зняважлівыя словы чаргаваліся з харканнем на затрыманых.
Урэшце, нас прывезлі ў размеркавальнік. Усім загадалі ўстаць, закласці рукі за галаву і не падымаць вачэй. За спробу падняць вочы даставаўся ўдар дубінкай. Частку затрыманых вывелі ва двор. Я і яшчэ некалькі чалавек засталіся ў аўтобусе. Па сваёй “неасцярожнасьці” я абапёрся на стойку ўнутры аўтобуса, за што атрымаў пад дых, а амапавец, які заўшоў звонку, выдзер у мяне пасму валасоў.
Нарэшце, вывелі на двор і нас, астатніх. Пры дапамозе ўдараў нагамі мяне паставілі ў належную паставу: рукі абапіраюцца на аўтобус, ногі шырока расстаўленыя і далёка ззаду. Побач збівалі маіх суседзяў. Каманда ранейшая: “Тварам уніз”. Пры адной са сцэнаў прысутнічала і высокае начальства: да кагосьці звярталіся “Товарищ полковник”.
Практыкаваньне “ў позе” дасягнула сваёй мэты: нямелі рукі, ногі (да таго ж, я амаль не адчуваў сваёй рукі з пашкоджанай кісцю). Упасьі было нельга, і ўсе гэта інтуітыўна адчувалі.
Мяркую, што “выхаваўчая праца і практыкаваньні” з намі цягнуліся прыкладна каля дзьвух з паловай-трох гадзінаў, з 1.20 да 4.20 уначы.
Урэшце, нас прывялі ў адзін з пакояў размеркавальніка. Пачалася здача асабістых рэчаў і лёгкі “шмон”. Пры электрычным святле, пазнаўшы сярод прысутных там АМАПаўцаў толькі аднаго іхняга камадзіра, які складаў на мяне пратакол, раптам узнікла нечаканая думка: а можа, гэта зусім не тыя людзі, што везлі нас, можа, гэта ўжо нейкія іншыя?
Майму ўражанню не наканавана было, аднак, спраўдзіцца. Адзін з АМАПаўцаў, што паглядзеў у маё пасведчаньне сябры Беларускага ПЭН-цэнтра, запытаўся: “А что такое ПЭН-цэнтр?”. Я адказаў, што гэта міжнародная пісьменніцкая арганізацыя.
— “У, сука, сейчас зажмём тебе пальцы в двери, тогда и попишеш…”
Знаёмая карцінка? Аднак усё гэта адбывалася ў ноч з 17 на 18 кастычніка 1999 года, пасля “Маршу Свабоды” ў Мінску з сябрам Беларускага ПЭН-цэнтра, філосафам, пісьменнікам Алесем Анціпенкам. Дваццаць адзін год таму яны былі такія ж. Проста большасць нашага грамадства тады гэтага яшчэ не заўважала.
Таму вельмі важна, каб мы не здаліся, каб яшчэ праз 20 год ніхто не змог дзяліцца такімі ж жахлівымі гісторыямі, як у жніўні-верасні 2020-га.
Марш 16.08.2020