Актывісты выпусцілі плакаты да гадавіны Лагеру абароны Курапатаў

Грамадскія актывісты вырабілі плакаты, прысвечаныя «Ночы растраляных паэтаў». Плакаты перададуць гаспадарам пляцовак, якія пагодзяцца іх змясьціць у публічнай прасторы для пашырэння памяці пра сталінскія рэпрэсіі.

image3_1.jpg

20 лютага 2017 быў выстаўлены Лагер абароны Курапатаў — пратэстны лагер на пляцоўцы насупраць дома 49 па вул. Мірашнічэнкі ў Мінску. Актывісты дамагаліся спынення будаўніцтва офіснага цэнтра на спрэчнай тэрыторыі, якая ў пэўны час знаходзілася ў ахоўнай зоне Курапацкага ўрочышча. Змаганне апынулася паспяховым, і праз два тыдні будоўлю спынілі, а лагер быў зняты.
Да гадавіны ўсталёўкі лагеру актывісты выпусцілі плакаты, прысвечаныя «Ночы растраляных паэтаў». Гэтую дату лічаць сімвалам сталінскіх рэпрэсій, ад якіх пацярпела ад 600 да 1400 тысяч жыхароў Беларусі. Грошы на на выданне былі сабраныя падчас існавання лагера.
«На плакаце змешчаны імёны 132 растраляных у ноч 29 кастрычніка 1937 у вертыкальным становішчы, ствараючы форму гукавай хвалі і лінюю біцця сэрца, якую рассякае куля. След ад пулі павялічваецца, сціраючы літары ў імёнах, і чым далей, тым складаней прачытаць. Сціраюцца імёны, а з імі і памяць пра падзею. Плакат створаны каб памятаць», — апавядае аўтар ідэі, мінскі дызайнер Аляксандр Чабатароў.
Усяго было выпушчана 100 плакатаў, на кожным пазначаны яго парадкавы нумар. Для распаўсюду інфармацыі пра сталінскія рэпрэсіі актывісты стварылі адмысловае відэа, што ілюструе падзеі ночы 29 кастрычніка 1937.