Алесь Чайчыц: Лукашэнка перамагае, пакуль дэмакраты лаюцца паміж сабой

Беларусі — усім нам — патрэбны Ціханоўская, Латушка і іх каманда. Патрэбны Пазняк. Патрэбны Саннікаў. І Цапкала таксама патрэбны. І толькі Лукашэнку трэба, каб яны трацілі больш сіл на барацьбу паміж сабой, чым на барацьбу з ім, піша на «Св*бодзе» Алесь Чайчыц.

img_2433_logo_2.jpg

Цяжка чуць лаянку і несправядлівую крытыку ад тых, хто нібыта знаходзіцца з табой з аднаго боку палітычных барыкад. Толькі Лукашэнку і тым, хто абараняе ягоны рэжым, патрэбна, каб мы трацілі больш сіл на барацьбу паміж сабой, чым на барацьбу з ім.

Пакуль не ўсвядомім гэтага, наўрад ці зможам разлічваць на хуткую перамогу.

З расчараваннем і скрухай чытаю, як Андрэй Саннікаў лае і абзывае Аб’яднаны кабінет Ціханоўскай «самозванцами», якія «всех нас/вас держат за лохов и недоумков» і «вешают на уши чушь» (цытаты альбо амаль цытаты). І гэта з нагоды ўсяго толькі бяскрыўднага праекта кабінета Ціханоўскай, мэта якога — выдача дакументаў для беларускіх уцекачоў, у каго канчаецца тэрмін беларускага пашпарта і хто не можа атрымаць новы пашпарт, не рызыкуючы быць арыштаваным рэжымам. Праект вельмі патрэбны і ў прынцыпе рэалістычны (былі ж пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі так званыя «нансэнаўскія пашпарты» для ўцекачоў з Расійскай імперыі). Дый нават калі не верыць у яго паспяховасць, хіба яно варта такой нянавісці?

Адначасова з гэтым Зянон Пазняк ды іншыя палітыкі з правакансерватыўнага лагера працягваюць закідаць Ціханоўскай вырваную з кантэксту старадаўнюю няўдалую фразу 2020 года альбо распаўсюджваць непраўдападобныя канспіралагічныя тэорыі пра тое, што яе нібыта падтрымлівае пуцінская Расія. Усё гэта — нягледзячы на незлічоныя заявы Ціханоўскай і чальцоў яе кабінета пра расійскія ваенныя злачынствы і расійскую падтрымку Лукашэнкі ды на тое, што пра Ціханоўскую гаворыць расійская прапаганда.

Складана навучыцца дэмакратыі, плюралізму і парламентарызму, у дэмакратыі не жывучы. Складана інтуітыўна не імкнуцца да аўтарытарызму на чале з якімсьці ідэалізаваным апосталам-правадыром (ці з «сабой любімым»), калі найбольш яскравы палітычны прыклад перад тваімі вачыма — гэта рэжым Лукашэнкі.

Ёсць і навуковае тлумачэнне: ва ўмовах дыктатуры ў апазіцыю ідуць найбольш адважныя і ўпартыя нон-канфармісты. Інтэлігентныя дэмакраты, якія шукаюць кампраміс, часта схільны шукаць кампраміс і з рэжымам у сваім жыцці.

Усё гэта аўтаматычна праграмуе апазіцыю ў аўтарытарных краінах — і беларускую апазіцыю таксама — на ўнутраныя канфлікты. Бескампрамісныя барацьбіты, якім адзіным хапае сілы духу ісці супраць рэжыму, плюс агульная недэмакратычная палітычная культура, плюс, як можна сабе ўявіць, і адпаведнае спрыянне правакатараў ад рэжымных спецслужбаў. Без апошніх тут не можа абысціся, бо адзіны, хто атрымлівае выгаду ад таго, што апазіцыянеры абзываюць адзін аднаго «праклятымі здраднікамі», «маскалямі» і «подлымі дзецьмі Сатаны», гэта, безумоўна, аўтарытарны рэжым.

Кабінет Ціханоўскай можна і трэба крытыкаваць. І я сам маю за што яго крытыкаваць: за рускую мову ў праекце Канстытуцыі, за недастатковую празрыстасць і адкрытасць, за той жа аўтарытарызм і няздольнасць/нежаданне эфектыўна згуртаваць і мабілізаваць дэмакратычныя сілы (чаму не зрабіць Каардынацыйную раду рэальна прадстаўнічым палітычным органам?), за няздольнасць наладзіць супрацоўніцтва з Пазняком ці з Радай БНР, за недастатковыя вынікі працы.

Але Беларусі — усім нам — патрэбны Ціханоўская, Латушка і іхная каманда. Патрэбны Пазняк. Патрэбны Саннікаў. І Цапкала таксама патрэбны. І толькі Лукашэнку трэба, каб яны трацілі больш сіл на барацьбу паміж сабой, чым на барацьбу з ім.

Мы ўсе павінны вучыцца таму, што разыходжанні паміж праціўнікамі Лукашэнкі павінны ўспрымацца як міжфракцыйная барацьба. Як дыскусія (нават жорсткая), якая ніколі не павінна азначаць раскол і абвяшчэнне міжусобнай вайны. Галава заўсёды павінна быць халоднай. Крытыкаваць трэба справы, а не асоб. Дзверы для паразумення заўсёды павінны заставацца адчыненымі, і магчымасці для супрацы і сінергіі трэба шукаць бесперапынна.

Бо самы апошні рускамоўны прыхільнік Бабарыкі, самы апошні леварадыкальны дацэнт, якому ў фразе «Беларусь перадусім!» і ва ўшанаванні Міхала Вітушкі бачыцца праслаўленне фашызму і Халакосту, ці, наадварот, самы зацяты радыкал-нацыяналіст з гамафобным душком і прапановамі вярнуць Вільню — усе павінны сёння разглядаць адно аднаго як тактычных хаўруснікаў. З усімі хібамі, недасканаласцямі і супярэчнасцямі, якія трэба вучыцца трываць, не губляючы фокусу на больш важных мэтах. Варагаваць паміж сабой можна будзе ў парламенце ў будучай Беларусі і на дэбатах на будучым дэмакратычным БТ. Сёння, далібог, ёсць нашмат важнейшая супольная задача.