Алгарытмы Google паніжаюць беларускамоўную версію Вікіпедыі ў выдачы?
Праблема беларускамоўнага пошуку ў Вікіпедыі настолькі заўважная і
месцамі абсурдная, што яе немагчыма ігнараваць, адзначаюць вікіпедысты.
![viki_logo.jpg viki_logo.jpg](/img/v1/images/viki_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У сацсетках вікіпедысты падзяліліся вострай праблемай: калі шукаць праз Google па-беларуску, то трапіць на артыкул у Беларускай Вікіпедыі вельмі складана, піша «Наша ніва».
Як адзначаюць рэдактары, нярэдка Google выдае на беларускамоўныя запыты найперш артыкулы па-руску, часам можа па-польску, па-англійску, нават па-літоўску, але толькі не па-беларуску. На карціну мала ўплывае змена мовы інтэрфейсу з рускай на беларускую ці выкарыстанне ВПН.
![Замест Беларускай Вікіпедыі Google прапануе чытаць яе смеццевую копію. Скрыншот Замест Беларускай Вікіпедыі Google прапануе чытаць яе смеццевую копію. Скрыншот](/img/v1/images/viki_1.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Замест Беларускай Вікіпедыі Google прапануе чытаць яе смеццевую копію. Скрыншот
У якасці прыкладу прыводзіцца артыкул пра беларускага архітэктара Сцяпана Валансевіча, які існуе ўжо больш за год. Артыкул не мае аналагаў на іншых мовах, а само імя творца можна аднесці да «вернутых» — па-беларуску пра яго да 2023 года ніколі не пісалі.
Здавалася б, маючы ўнікальны кантэнт, артыкул у Беларускай Вікіпедыі мусіць выдавацца першым па канкрэтным беларускім запыце. Да таго ж вядома, што Вікіпедыя вельмі хутка індэксуецца ўсімі пошукавікамі.
![Артыкул пра Валансевіча досыць падрабязны і аформлены па ўсіх правілах Вікіпедыі, але гэта яму не дапамагае. Скрыншот Вікіпедыі Артыкул пра Валансевіча досыць падрабязны і аформлены па ўсіх правілах Вікіпедыі, але гэта яму не дапамагае. Скрыншот Вікіпедыі](/img/v1/images/viki_2.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Артыкул пра Валансевіча досыць падрабязны і аформлены па ўсіх правілах Вікіпедыі, але гэта яму не дапамагае. Скрыншот Вікіпедыі
Але артыкул не выдае, як адзначаюць вікіпедысты, ані першым, ані другім, ані апошнім радком у Google. Уверсе выдачы — смеццевы сайт, які крадзе змесціва з артыкулаў у Вікіпедыі.
Атрымаць патрэбны артыкул ад Google не ўдалося ніякімі хітрасцямі. У той жа час расійскі Яндэкс выдае яго першым.
Глядзіце таксама
![Хобі для эрудытаў: абараняць «Пагоню» ў галоўнай сусветнай энцыклапедыі Хобі для эрудытаў: абараняць «Пагоню» ў галоўнай сусветнай энцыклапедыі](/img/v1/images/f81ae80ca8ac9541152955033b9ca49c.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«Гэта ўсё да пытання, чаму ў Беларускай Вікіпедыі праглядаў з Беларусі ў раёне статыстычнай хібы. А вы паспрабуйце яшчэ трапіць у яе праз Гугл!» — абураецца адзін з вікіпедыстаў.
Журналісты папрасілі пракаментаваць праблемы з выдачай беларускамоўнага кантэнту іншых рэдактараў Вікіпедыі.
![Будынак Гродзенскага рэальнага вучылішча, спраектаваны Валансевічам. Фота: photobuildings.com Будынак Гродзенскага рэальнага вучылішча, спраектаваны Валансевічам. Фота: photobuildings.com](/img/v1/images/viki_3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Будынак Гродзенскага рэальнага вучылішча, спраектаваны Валансевічам. Фота: photobuildings.com
«Мы даўно сутыкнуліся з гэтай праблемай. Спачатку нам здавалася, што такая выдача ў Гугле грунтуецца на тым, што Руская Вікіпедыя, якую піша значна больш аўтараў, проста больш якасная і распрацаваная, а таму яе выдае пры пошуку першай. З часам сітуацыя змянілася — памер артыкулаў па пэўных тэмах стаў большым за памер аналагічных артыкулаў, напісаных па-руску, а некаторыя проста не маюць рускай версіі. Але ў выдачы нічога не змянілася на карысць нашай Вікіпедыі.
Апошнім часам мы супаставілі свае разрозненыя назіранні і прыйшлі да высновы, што алгарытмы Гугла паніжаюць беларускамоўную версію ў выдачы.
Выдача працуе памылкова не ў 100% выпадках, умоўнага Касцюшку і Каліноўскага вам выдасць, але ў астатніх выпадках праблема настолькі заўважная і месцамі абсурдная, што яе немагчыма ігнараваць.
Глядзіце таксама
![Каго затрымалі за артыкулы ў вікіпедыі? Стала вядома імя аўтара вікіпедыі, на якога завялі справу «за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь»](/img/v1/images/wiki_2903.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Трэба, каб нехта размаўляў з супрацоўнікамі кампаніі, тлумачыў асаблівасць беларускай моўнай сітуацыі, каб неяк змяніць сітуацыю. Але самі вікіпедысты не маюць нейкай арганізаванай структуры для гэтага», — пракаментаваў сітуацыю наш суразмоўца.
Магчыма яшчэ адной прычынай праблем з Беларускай Вікіпедыяй стала агульнае пагаршэнне якасці пошуку Google, якое адзначаюць эксперты. Пошукавік прайграе вайну смеццевым сайтам, такім, як пірацкія копіі Вікіпедыі, паказвае няякасны кантэнт уверсе выдачы.