Стала вядома імя аўтара вікіпедыі, на якога завялі справу «за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь»
Стала вядома імя берасцейца, якога вінавацяць у дыскрэдытацыі Беларусі праз артыкулы ў вікіпедыі. Гаворка ідзе пра Паўла Пернікава, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылка на «М***язону».
Павел Пернікаў рэдагаваў і пісаў артыкулы на вікіпедыі з 2014 года, за гэты час зрабіў больш за 84 тысячы правак. Сярод іншага Пернікаў пісаў пра беларускія СМІ, затрыманага журналіста «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Генадзя Мажэйку, журналістку T*T.ВY Кацярыну Барысевіч.
27 снежня 2021 года з яго акаўнта ў вікіпедыі пачаліся
дзіўныя праўкі. Напрыклад, з артыкула пра Марыю Калеснікаву была выдаленая
інфармацыя пра яе статус палітвязня. З артыкула «Спіс загінулых падчас
акцыяў пратэстаў у 2020 і 2021 гадах» цалкам знік цэлы раздзел, а з
артыкула «Рэжым Лукашэнкі» знік абзац, дзе гаварылася аб рэзалюцыі Кангрэса ЗША з асуджэннем фальсіфікацый на выбарах, рэпрэсій супраць мірных
дэманстрантаў і нелегітымнасць рэжыму.
Пазней вікіпедыя заблакавала акаўнт Пернікава з прычыны
верагоднага захопу.
На жыхара Брэста пачалі
крымінальную справу па артыкуле 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).
Яго справа перададзеная ў суд.
Пад крымінальнай справай знаходзіцца яшчэ адзін вядомы аўтар і рэдактар вікіпедыі — Марк Бернштэйн.