Святлана Курс: Расійцы зайшлі на сваё апошняе кола, Пуціна пераможа гісторыя
Пісьменніца Святлана Курс (Ева Вежнавец) на ютуб-канале «Жыццё-маліна» блогера Мікіты Мелказёрава распавяла, чым, на яе думку, беларусы адрозніваюцца ад рускіх.
— Беларускі народ папросту добры, ён скіраваны на сябе, а не на экспансію і на тое, каб ламаць праз калена суседзяў. Беларускі праект накіраваны на ўладкаванне беларускага жыцця і зямлі, каб у кожнага быў дом, дзеці, бяспека, законнасць, права на самарэалізацыю, — цытуе пісьменніцу «Салідарнасць». — Рускаму чалавеку вельмі важна, каб была экспансія, прымушаць іншыя народы жыць так, як яны.
Пісьменніца распавяла, што па сваёй прыродзе з’яўляецца даследчыцай і шукала адказы на некаторыя пытанні на расійскіх форумах.
— Адзін чалавек адказаў на маё пытанне. Ён напісаў: не вашая сабачая справа, што з нашай зямлёй, захочам — зробім яе добрай, захочам — засром цалкам, галоўнае, што гэта зямля — наша.
Святалана Курс лічыць, што цяперашні рэжым у Расіі доўга не праіснуе.
— Пуціна гісторыя пераможа. Мне здаецца, расійцы зайшлі на сваё апошняе кола. Яны абяскровілі ўласную краіну. Яны ж сваіх перш за ўсё таўкуць. Абяскровілі ўласную імперыю, а такой колькасцю і такой якасцю людзей імперыі не будуюцца. Пуцін будзе пераможаны.
Пісьменніца таксама распавяла, што азначае быць беларусам у сучаснай Беларусі.
— У краіне створаная такая сістэма, што беларусам павінна быць балюча. Тое, што ты беларус, табе павінна балець. Табе з гэта павінна пастаянна прылятаць. Ты павінен сядзець у турме, з цябе будуць смяяцца з-за гэтага.
Твае беларускамоўныя ролікі збяруць у чатыры разы меней лайкаў, тваю мову не выкладаюць у школах і гэтак далей. Ты можаш як Паша Белавус за беларускі нацыяналізм на сем гадоў сесці. Тваю справу растопчуць, раздавяць і аб'явяць экстрэмісцкай.
Усё зроблена для таго, каб беларусам быць было балюча, а рускім — у меру бяспечна, — лічыць Святлана Курс.
Пісьменніца адказала на пытанне, чаму на выступ умоўнага Грыгорыя Лепса збіраецца «Мінск-Арэна»:
— Калі сваё прытопчана, выгнана і забаронена, і школ беларускіх не існуе, то свята месца пуста не бывае, чалаваку патрэбна радасць, культура, мастацтва. Калі не будзе свайго альбо заходняга, будуць хадзіць на расійскіх зорак.