Беларусь чакае новы тып турыстаў з Расіі?

Як заўважыў тг-канал Священный Белавуд, беларусам магчыма варта чакаць наплыў кінатурыстаў з Расіі. Буйныя сеткі расійскіх кінатэатраў прыбралі з раскладу так званае «перадсеанснае абслугоўванне» — гэта калі білеты фармальна прадаваліся на кароткаметражныя фільмы, а разам з імі паказваліся фільмы галівудскіх кінакампаній, якія пайшлі з Расіі пасля пачатку вайны.

Ілюстрацыйная выява. Кінатэатра "Перамога" ў Мінску

Ілюстрацыйная выява. Кінатэатра "Перамога" ў Мінску

Так, па даных «Яндэкс Афішы» другая частка фільма «Дзюна», якая месяц таму дэманстравалася ў дзясятках кінатэатраў Масквы і Пецярбурга, на 18 красавіка заяўлена толькі ў адным нясеткавым кінатэатры. На сайтах кінасетак «Сінема Стар» і «Кінамакс», якія раней актыўна паказвалі гэты фільм, прадсеанснага абслугоўвання таксама няма.

У пачатку красавіка Асацыяцыя ўладальнікаў кінатэатраў выступіла з заклікам да кінатэатраў падтрымаць расійскія фільмы і поўнасцю адмовіцца ад перадсеанснага абслугоўвання ў перыяд з 18 красавіка па 12 мая.

У сваю чаргу, шэраг дыстрыб'ютараў, у тым ліку кампанія «Атмасфера кіно», накіравалі сеткам кінатэатраў лісты, у якіх таксама «прапаноўвалі» не паказваць у гэтыя даты галівудскія фільмы па схеме перадсеанснага абслугоўвання. У выпадку адмовы дыстрыб'ютары прыгразілі не падаўжаць для такіх кінатэатраў магчымасць паказу стужак, якія легальна распаўсюджваюцца імі.

Падобную рассылку, па даных сеткавага выдання CinemaPlex, на якое спасылаецца РБК, рабіў і «Цэнтрал Партнёршып», які належыць холдынгу «Газпром-Медыя». Падобныя патрабаванні прад'явіў і «Кара Пракат». Дыстрыб'ютары спасылаліся на тое, што ў гэты перыяд у іх у пракат выходзяць фільмы расійскай вытворчасці.

Кіраўнік агенцтва TelecomDaily Дзяніс Кускаў заявіў РБК, што падобны «ультыматум – пакінуць сеткі без легальнага кантэнту – гучыць сур'ёзна». 

«Цалкам верагодна, – лічыць ён, – што па заканчэнні заяўленага тэрміна – з 18 красавіка па 12 траўня – гэтая практыка будзе насіць пастаянны характар, а аб'ём „ценявога“ пракату скароціцца да мінімуму».

Тым часам на беларускіх кінатэатрах расійская практыка ніяк не адаб'ецца, бо ў Беларусі зацверджаны закон аб выкарыстанні кантэнту з «несяброўскіх краін».

Таму тое, што не пакажуць у Расіі, відавочна пакажуць у Беларусі.