У Расіі напісалі пра затрыманне «рускамірца» Суздальцава, які крытыкаваў Лукашэнку. Ён абверг
Расійскія тэлеграм-каналы ўвечары 20 красавіка паведамілі пра затрыманне Андрэя Суздальцава — палітолага, які раней спалучаў у сваіх наратывах дзве рэчы: гарачую падтрымку «рускага свету» і крытыку Лукашэнкі. У Беларусі яго тэлеграм-канал прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем». Але, як выявілася, Суздальцаў на волі.
Аб затрыманні палітолага і былога выкладчыка Вышэйшай школы эканомікі паведаміў тэлеграм-канал SHOT, які адзначыў, што ён знаходзіўся ў федэральным вышуку МУС Беларусі паводле артыкула 361.1 (ч.1) за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання. Тэлеграм-канал палітолага ў студзені быў прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем», паведамляла МУС Беларусі.
Палітолаг Андрэй Суздальцаў у размове з РБК зняпраўдзіў інфармацыю пра сваё затрыманне.
«Я не затрыманы, я дома. Мяркуючы з усяго, гэта нейкая правакацыя», — сказаў ён.
Суздальцаў пражываў у Беларусі з 1993 па 2006 год. «Займаўся аналітыкай, публікаваў артыкулы, увогуле, займаўся нармальнай палітычнай працай. Вакол мяне збіраліся людзі, якія чыталі мае працы, я вёў з імі перапіску. Працаваў, як любы іншы грамадзянін у замежнай дзяржаве. Але я ж лічыў, што гэта і мая дзяржава таксама — там мая сям'я, дзеці, знаёмыя. Я фармаваў прарасійскую апазіцыю», — апісваў ён сваю працу ў нашай краіне.
У 2006 годзе Суздальцаў быў пазбаўлены віду на жыхарства і высланы з краіны з фармулёўкай пра «пагрозу нацыянальнай бяспецы Беларусі». Ён быў першым расійцам, высланым з Беларусі.
У Расіі палітолаг працаваў у Вышэйшай школе эканомікі. Быў членам экспертнага савета Камітэта па міжнародных справах Савета Федэрацыі, экспертнага савета Камітэта Савета Федэрацыі па справах СНД.
«Маскоўскі палітолаг Андрэй Суздальцаў крытыкаваў Лукашэнку з «рускамірскіх» пазіцый і з'яўляецца радыкальным адэптам пуцінскай вайны супраць Украіны, — напісаў у сваім тэлеграм-канале беларускі гісторык і палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман. — З Беларусі яго дэпартавалі яшчэ ў 2006 годзе, а ТГ-канал не так даўно абвясцілі экстрэмісцкім. У лютым гэтага года ён спыніў пісаць пра Беларусь, а цяпер яго, па паведамленнях расійскіх СМІ, і зусім затрыманы ў Маскве (па запыце з Мінска). Прапаганда Лукашэнкі ўжо радуецца з гэтай нагоды, хоць Суздальцаў абвяргае сваё затрыманне, а расійскі ТГ-канал «База» не выключае, што ён знаходзіцца пад хатнім арыштам».
Паводле слоў Фрыдмана, «пасля такіх навін Суздальцаву дакладна прыйдзецца задумацца над пытаннямі «Каму на Русі жыць добра» і «Хто ж на самай справе гаспадар у расійскім доме».