Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца з прадпрымальнікамі

Сустрэча адбудзецца сёння ў мінскім гандлёва-забаўляльным цэнтры "Экспабел". Прадпрымальнікаў, што гандлююць у цэнтры, папрасілі прыйсці на свае працоўныя месцы ў 7 гадзін раніцы. На 9.00 абвешчаны збор журналістаў.



expobel.jpg

Прапанова правесці тэрміновую сустрэчу з кіраўніком дзяржавы для "адкрытага і шчырага дыялогу" па праблемах малога бізнесу прагучала на форуме прадпрымальнікаў, які быў арганізаваны ў Мінску 16 лютага грамадскім аб`яднаннем "Перспектыва". 


Чакаецца, што адным з галоўных пытанняў абмеркавання стане праект указа прэзідэнта аб унясенні змяненняў у рэзанансны ўказ № 222, які выклікаў незадаволенасць у індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП). 


Нагадаем, у адпаведнасці з указам № 222 1 сакавіка скончыўся перыяд, на працягу якога ІП маглі рэалізаваць рэшткі прадукцыі легпрама, увезенай з краін Мытнага саюза (МС) без дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё і паступленне гэтых тавараў. Прадпрымальнікі неаднаразова спрабавалі растлумачыць ураду, што па шэрагу аб`ектыўных прычын не змогуць працаваць у новых умовах, але іх меркаванне чыноўнікі ігнаравалі. У выніку 1 сакавіка прыблізна 80% ІП па ўсёй краіне не выйшлі на працу на рынкі і ў гандлёвыя цэнтры.

 
13 сакавіка прадстаўнікоў малога бізнесу запрасілі на сустрэчу з чыноўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта, дзе азнаёмілі з праектам новага ўказа прэзідэнта. Неўзабаве пасля сустрэчы тэкст гэтага дакумента з`явіўся ў інтэрнэце. З яго вынікае, што ІП, якія выплачваюць адзіны падатак, пры ажыццяўленні рознічнага гандлю, у тым ліку таварамі легпрама, "маюць права ажыццяўляць перавозку (транспарціроўку) гэтых тавараў, іх рэалізацыю ў гандлёвых аб`ектах і на гандлёвых месцах на рынках без дакументаў, што пацвярджаюць іх набыццё (паступленне)". Пры гэтым ІП, якія гандлююць таварамі, увезенымі з краін МС без суправаджальных дакументаў, абавязаныя выплачваць падатак на дададзены кошт у фіксаванай суме. Гэты падатак вылічаецца як "чатырохразовая сума неабходнага да выплаты адзінага падатку без уліку павышаючага каэфіцыента 2". 


Каментуючы БелаПАН гэтыя палажэнні, лідар РГА "Перспектыва" Анатоль Шумчанка адзначыў, што ў цэлым яны адказваюць інтарэсам ІП за выключэннем памеру падатковай базы. "Тое, што ўлады вяртаюцца да канцэпцыі выплаты прадпрымальнікамі адзінага падатку за права перавозіць, захоўваць і рэалізоўваць тавары без суправаджальных дакументаў, нас задавальняе, мы гэта падтрымліваем. Але трэба карэктаваць каэфіцыенты падатку, таму што каэфіцыент, прадугледжаны ў новым указе, для многіх ІП будзе непад`ёмным, ён вырасце ў паўтара раза", — падкрэсліў Шумчанка. 


Варта адзначыць, што прадстаўнікі "Перспектывы" на сённяшнюю сустрэчу з Лукашэнкам не запрошаныя. "Гэта сведчыць аб тым, што для ўлад мы — нязручныя перамоўшчыкі: шмат гаворым непрыемнай праўды і кансалідавана адстойваем пазіцыю індывідуальных прадпрымальнікаў", — лічыць Шумчанка. 


Год таму Лукашэнка рэзка выказаўся ў дачыненні да лідара "Перспектывы". На нарадзе па пытаннях дзейнасці ІП у лютым 2014 года кіраўнік дзяржавы перасцярог прадпрымальнікаў "ад шантажу ўлады". "Некаторыя палітыкі ад прадпрымальніцтва, хоць іх цяжка назваць палітыкамі, якія прадстаўляюць інтарэсы прадпрымальнікаў, спрабуюць шантажыраваць уладу, у тым ліку прэзідэнта (…) Я ведаю, вы людзі нябедныя і можаце замовіць у жоўтай прэсе любы артыкул, але вам раю гэтага не рабіць, таму што можна атрымаць сітуацыю наадварот. І ганіце ад сябе ўсякіх там Шумчанка, не то яшчэ кагосьці, каб яны нават блізка каля вас не хадзілі. У іх няма нічога з вамі агульнага і быць не можа, ім трэба іншае", — заявіў Лукашэнка.
БелаПАН