Чаму на сустрэчу з Лукашэнкам не запрасілі прадстаўнікоў “Перспектывы”?
Сёння ў сталічным гандлёвым “Экспабел” Аляксандр Лукашэнка сустракаецца з прадпрымальнікамі. Прапанова правесці тэрміновую сустрэчу з кіраўніком дзяржавы для “адкрытага і шчырага дыялогу” па праблемах малога бізнесу прагучала на форуме прадпрымальнікаў, які быў арганізаваны ў Мінску 16 лютага грамадскім аб’яднаннем “Перспектыва”.
Актывіст РГА “Перспектывы” Вячаслаў Піліпук лічыць, што “сёняшні дыялог улады з прадпрымальнікамі — вынік работы ў тым ліку і іх арганізацыі”.
Праўда, іх прадстаўнікоў на дыялог не запрасілі. Больш таго, год таму Лукашэнка даволі рэзка выказаўся ў дачыненні да лідара “Перспектывы” Анатоля Шумчанкі: “Некаторыя палітыкі ад прадпрымальніцтва, хоць іх цяжка назваць палітыкамі, якія прадстаўляюць інтарэсы прадпрымальнікаў, спрабуюць шантажыраваць уладу, у тым ліку прэзідэнта (…) Я ведаю, вы людзі нябедныя і можаце замовіць у жоўтай прэсе любы артыкул, але вам раю гэтага не рабіць, таму што можна атрымаць сітуацыю наадварот. І ганіце ад сябе ўсякіх там Шумчанкаў, не то яшчэ кагосьці, каб яны нават блізка каля вас не хадзілі. У іх няма нічога з вамі агульнага і быць не можа, ім трэба іншае”.
Вячаслаў Піліпук распавёў:
— Не запрасілі не толькі нас, але і прадстаўнікоў з рэгіёнаў. Зрэшты, ужо добра, што такая сустрэча стала магчымай. І ў ва многім дзякуючы нашай рабоце. Адным з пунктам рэзалюцыі, якую мы не так даўно прынялі на форуме, якраз і было — сустрэча з кіраўніком краіны. Рэзалюцыя была накіравана ў Адміністрацыю прэзідэнта. Там, дарэчы, акрамя ўсяго іншага, была таксама наша прапанова звольніць тых чыноўнікаў, якія прывялі да сённяшняга эканамічнага заняпаду, а таксама накласці мараторый на выкананне Указа №222. Апошняе фактычна зроблена, бо на сайце МНС заяўлена, што не будзе ніякіх праверак аж да падпісання зменаў у гэты дакумент.
— Наколькі вядома, у рэзалюцыі вы прасілі правесці сустрэчу з кіраўніком краіны ў пашыраным складзе. Гэта так?
— Так, але, як бачым, гэты пункт выкананы толькі часткова. Паўтаруся, неабходна, каб у такіх мерапрыемствах удзельнічалі прадпрымальнікі з усіх рэгіёнаў краіны. Пры гэтым — не толькі з абласных цэнтраў, але і з раённых. А то каму патрэбна, калі на сустрэчу з Лукашэнкам дэлегатаў прызначае ўлада, а не самі прадпрымальнікі выбіраюць прадстаўнікоў на сваіх сходах? Што скажуць гэтыя дэлегаты і ці змогуць данесці да ўлады жаданні прадпрымальнікаў?
—Якія спадзяванні на сустрэчу?
— Ва ўсіх спадзяванне было адно — што ўлада нас пачуе. Калі захоча гэтага…
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя