Да 1 студзеня 2016 года ІП змогуць гандляваць прадукцыяй легпрама без дакументаў

Да 1 студзеня 2016 года індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) змогуць рэалізоўваць тавары лёгкай прамысловасці, увезеныя з краін Мытнага саюза (МС), без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё і паступленне.



ip_torg_2.jpg

Такое рашэнне прынята 17 сакавіка на нарадзе па пытаннях рэгулявання і развіцця асобных відаў прадпрымальніцкай дзейнасці, якая праходзіла ў сталічным ГЦ "Экспабел" з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Вынікі нарады прадпрымальнікам, якія сабраліся каля ўваходу ў гандлёвы цэнтр, па просьбе кіраўніка дзяржавы аб'явіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.
Ён таксама паведаміў, што на працягу 2015 года будуць паступова павышацца стаўкі ПДК. "Роўнымі часткамі, па тры разы, будзем павышаць. З датамі вызначымся", — сказаў кіраўнік урада. 
У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: пасля 1 студзеня 2016 года "адступленняў не будзе ніякіх". Кіраўнік дзяржавы заклікаў прадпрымальнікаў не чакаць канца года, а пачынаць ужо цяпер пераходзіць на працу з дакументамі. "Урад хацеў больш жорсткі варыянт указа, але мы вас пачулі. Нам не трэба вас эканамічна забіваць. Хочам вас прывесці да цывілізаванага рынку", — заявіў Лукашэнка.
Нагадаем, у адпаведнасці ў указам прэзідэнта № 222 1 сакавіка гэтага года завяршыўся перыяд, на працягу якога ІП маглі рэалізаваць рэшткі прадукцыі легпрама, увезенай з краін Мытнага саюза без дакументаў з пацвярджэннем набыцця і паступлення гэтых тавараў. Прадпрымальнікі неаднаразова спрабавалі растлумачыць ураду, што па шэрагу аб'ектыўных прычын не змогуць працаваць у новых умовах, але іх меркаванне чыноўнікі ігнаравалі. У выніку 1 сакавіка каля 80% ІП па ўсёй краіне не выйшлі на працу на рынкі і ў гандлёвыя цэнтры.
13 сакавіка прадстаўнікоў малога бізнесу запрасілі на сустрэчу з чыноўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта, дзе азнаёмілі з праектам новага ўказа, згодна з якім ІП, якія гандлююць таварамі, увезенымі з краін МС без суправаджальных дакументаў, абавязаныя будуць выплачваць падатак на дададзены кошт ў фіксаванай суме. Гэты падатак падлічваецца як "чатырохразовая сума належная да выплаты адзінага падатку без уліку павышальнага каэфіцыента 2".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН