Алексіевіч, хутчэй за ўсё, застанецца без ганаровых званняў у Беларусі

Міністр культуры Барыс Святлоў заявіў журналістам, што не выключае магчымасці прысваення Алексіевіч ганаровага звання "Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь", калі такая прапанова паступіць ад адпаведных арганізацый.



alieksijevic1.jpg

Між тым грамадскае аб`яднанне "Саюз беларускіх пісьменнікаў", членам якога з`яўляецца Алексіевіч, не мае намеру звяртацца ў Мінкульт з такой просьбай, заявіў БелаПАН намеснік старшыні пісьменніцкай арганізацыі Алесь Пашкевіч. "Нам будзе сорамна пасля сусветнага прызнання прасіць міністра культуры, нават прэм`ер-міністра, прысвоіць Святлане Алексіевіч якое-небудзь званне. Да творцаў такога маштабу слова "прасіць" у прынцыпе не падыходзіць ні на каралеўскім, ні на прэзідэнцкім, ні на міністэрскім узроўні", — падкрэсліў Пашкевіч.
 

З ініцыятывай прысвоіць Святлане Алексіевіч званне "Герой Беларусі" ў Мінкульт звярнуліся больш як 330 беларускіх грамадзян, якія падпісалі адпаведны зварот. Аднак ні Міністэрства культуры, ні Міністэрства інфармацыі, ні праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі не бачаць падстаў для прысваення Нобелеўскаму лаўрэату звання "Герой Беларусі". Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе Мінкульта, які атрымаў 16 снежня грамадскі актывіст з Мінска Уладзімір Сташкевіч.
 

Мінкульт спасылаецца на адзін з артыкулаў закона "Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь", у якім гаворыцца, што "званне "Герой Беларусі" з`яўляецца вышэйшай ступенню адзнакі Рэспублікі Беларусь і прысвойваецца за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам, звязаныя з подзвігам, які быў здзейснены ў імя свабоды, незалежнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь". "У сувязі з выкладзеным С.А.Алексіевіч зараз не можа быць прадстаўленая да прысваення звання "Герой Беларусі", — сказана ў лісце, копію якога Сташкевіч абнародаваў у Facebook.
 

Варта зазначыць, што званне "Герой Беларусі" было ўведзена ў 1995 годзе і з таго часу прысвойвалася адзінаццаць разоў. У 1996 годзе яго пасмяротна прысвоілі падпалкоўніку авіяцыі Уладзіміру Карвату, які падчас вучэбна-трэніровачнага палёту адвёў самалёт, які падаў, ад населенага пункта і разбіўся. У далейшым гэтага звання ўдастойваліся гендырэктар завода "БелАЗ" Павел Марыеў, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Дубко (пасмяротна), кіраўнік агракамбіната "Сноў" Міхаіл Карчміт, старшыня СВК "Акцябр" Віталь Крамко, гендырэктар прадпрыемства "Белаўтатрактарабудаванне" НАНБ Міхаіл Высоцкі, кіраўнік праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч, кіраўнік сельскагаспадарчага кааператыву "Прагрэс-Верцялішкі" Васіль Равяка, мастак Міхаіл Савіцкі, мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт. Апошняй, каму было прысвоена званне "Герой Беларусі", стала біятланістка, трохразовая алімпійская чэмпіёнка 2014 года Дар`я Домрачава.
 

Рашэнне аб прысуджэнні Святлане Алексіевіч прэміі па літаратуры было абвешчанае Нобелеўскім камітэтам 8 кастрычніка. Прэмія ўручаная за "шматгалосае гучанне прозы і ўвекавечанне пакутаў і мужнасці". 10 снежня кароль Швецыі Карл XVI Густаў уручыў беларускай пісьменніцы медаль і дыплом Нобелеўскага лаўрэата на ўрачыстай цырымоніі ў Стакгольме. Ні цырымонію ўзнагароджання, ні прамову Нобелеўскага лаўрэата беларускія тэлеканалы не транслявалі.  БелаПАН