«У вайны не жаночае аблічча» паводле сцэнарыя Алексіевіч пакажуць у кінатэатрах

Шматсерыйны дакументальны фільм «У вайны не жаночае аблічча» паводле сцэнарыя Святланы Алексіевіч плануюць паказаць у беларускіх кінатэатрах.



alexievich712.jpg

Фота з сайта lit-bel.org

Паводле яе слоў, сёлета фільм быў пераведзены ў лічбавы фармат на кінастудыі «Беларусьфільм» у рамках стварэння лічбавага фільматэчнага фонду і электроннага каталога кінематаграфічных твораў мінулых гадоў.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі 15 снежня паведаміла начальнік упраўлення па кінематаграфіі Міністэрства культуры Беларусі Святлана Ярашэвіч.

На пытанне, ці звязаная аблічбоўка з прысуджэннем Алексіевіч Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў гэтым годзе, Ярашэвіч адказала: «Гэта адбылося да гэтай падзеі. Чакаем пасля рэгістрацыі убачыць фільм на экранах нашых кінатэатраў».

Пры гэтым яна падкрэсліла, што паказ фільма ў кінатэатрах залежыць ад таго, як будуць заключацца дамовы на яго пракат.

Як адзначыў генеральны дырэктар «Беларусьфільма» Ігар Поршнеў, перад кінастудыяй стаіць задача аблічбаваць старыя кінастужкі, якія «ўяўляюць пэўную каштоўнасць і карыстаюцца попытам». «У нас дакументальны пакет налічвае больш за 1,5 тысячы назваў. Не ўсе яны могуць выклікаць цікавасць, але як хроніка, як летапіс часу могуць зацікавіць. Цяпер мы хочам больш актыўна працаваць з нашымі матэрыяламі», — растлумачыў ён.

Дакументальны фільм «У вайны не жаночае аблічча» быў зняты рэжысёрам Віктарам Дашуком у 1981-1984 гадах яшчэ да выхаду аднайменнай кнігі Святланы Алексіевіч. Фільм распавядае пра лёсы жанчын падчас Вялікай Айчыннай вайны, у яго аснову ляглі магнітафонныя запісы гутарак Алексіевіч з гераінямі кнігі.

БелаПАНlit-bel.org