У Мінску распачаўся Тыдзень ізраільскага кіно
Вечарам 14 снежня ў мінскім кіатэатры “Цэнтральны” адкрыўся традыцыйны Тыдзень ізраільскага кіно.
Як адзначыў часовы павераны ў справах Ізраіля ў Беларусі Бэн Эліэзэр, гісторыя ізраільскага кіно, адзначанага ўзнагародамі на фестывалях у Канах і Берліне, а таксама неаднаразова намінаванага на Оскар, адлюстроўвае гісторыю самой краіны — Дзяржавы Ізраіль.
Прычым унікальны культурны, палітычны, рэлігійны і гістарычны ландшафт Ізраіля стварае спрыяльныя ўмовы для адлюстравання ў мастацтве кіно самага шырокага спектру тэмаў, сказаў дыпламат. Ён звярнуў увагу на тое, што ў апошнія гады ізраільскае кіно змяніла свае акцэнты: ад палітыкі, эканомікі, сацыяльнай сферы і стэрэатыпных гераічных вобразаў — да нацыянальных і грамадскіх пытанняў, а таксама да асэнсавання асобы і яе ўнутранага свету.
Паводле словаў Бэна Эліэзэра, для Тыдня ізраільскага кіно адабраныя апошнія стужкі, прысвечаныя агульначалавечым тэмам, што адлюстроўваюць складаныя і па-сапраўднаму сучасныя характары і праблемы адносін паміж людзьмі.
Удзельнікам вечарыны была прадстаўлена кінадрама “Каля яе” рэжысёра Асафа Кормана. Стужка распавядае пра гісторыю маладой жанчыны Рэйчэл, якая самастойна выхоўвае разумова адсталую сястру Габі. Сітуацыю драматызуецца пасля таго, як каханак Рэйчэл пасяліўся ў яе доме, а Габі зацяжарыла ў выніку рамантычных адносінаў з пацыентам прыватнага прытулку для разумова адсталых людзей, які стала наведваць дзяўчына. Дарэчы, гэты твор быў адабраны для спецыяльнага двухтыднёвага дырэктарскага паказу на Канскім міжнародным кінафестывалі мінулага году.
Кіраўнік ізраільскай дыпмісіі выказаў падзяку Міністэрству культуры Беларусі і дырэкцыі кінатэатру “Цэнтральны” за шматгадовае супрацоўніцтва. Дарэчы, Тыдні ізраільскага кіно, якія з 2008-га штогод праводзяцца ў Мінску, заўжды адкрываюцца менавіта ў гэтым кінатэатры.
15 снежня ў “Цэнтральным” а 18.00 адбудзецца творчая вечарына ізраільскага кінарэжысёра Леона Прудоўскага. Плануецца паказаць ягоныя кароткаметражныя стужкі “Цёмная ноч” і “Сардэчна запрашаем, ці Прыміце нашы спачуванні”.