Алесь Пушкін просіць дапамогі

Суд над мастаком Алесем Пушкіным у Смаргоні перанесены на 24 верасня. Мастак просіць вядомых адвакатаў выступіць у ягоную абарону.
 

На мастака складзены два пратаколы — за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці і пікеце і за супраціў міліцыянтам падчас затрымання.
Як вядома, 2 верасня Алесь разам з іншымі мастакамі суполкі «Пагоня» і мясцовымі грамадскім актывістам і мастаком зладзіў акцыю ўшанавання ўгодкаў народзінаў Расціслава Лапіцкага — кіраўніка Смаргонска-Вілейскага антыкамуністычнага падполля ў паваенны час, расстралянага ў 1950 годзе.
Усіх удзельнікаў акцыі забралі ў пастарунак, дзе на іх былі складзены пратаколы аб несанкцыянаваным шэсці (арт. 23.34 КоАП РБ). Алесь Цыркуноў і Валянцін Веранішча былі аштрафаваны на 1 мільён рублёў, Генадзь Драздоў і Уладзімір Шульжыцкі — на 3 мільёны.
Алесь Пушкін падзяліўся з чытачамі НЧ сваімі развагамі:
— Я не ведаю, штраф якога памеру мне прысудзяць. Магу і 15 сутак атрымаць. Можа, пасадзяць у турму, буду хадзіць па Смаргоні з венікам, месці вуліцы, будуць усе смяяцца: мастак вуліцы мяце!
— Хто будзе абараняць цябе ў судзе?
— Смаргонскія адвакаты адмовіліся нас абараняць. Яны ўсе баяцца. Канешне, добра, каб мяне ўзяўся абараняць нейкі вядомы адвакат з Мінску, але ж усё — грошы… Таму хачу са старонак вашага выдання звярнуцца да беларускіх праваабаронцаў: Алесь Пушкін просіць дапамогі вядомага адваката, каб той выступіў у маю абарону і пакінуў прыгожую вяху ў сваёй кар’еры. Судовае пасяджэнне адбудзецца ў Смаргонскім раённым судзе 24 верасня ў 14:30, кабінет 203. Адвакаты, адгукніцеся!
— Чаму ўдзельнікам акцыі прысудзілі такія розныя памеры штрафаў?
— Спадзяюся, што Цыркунову, Драздову і Шульжыцкаму штрафы аплацяць праваабарончыя арганізацыі. Увогуле, штрафы — заганная практыка ў нашай судовай сістэме: дзяржава разумее, хто будзе плаціць з уласнай кішэні, а за каго заплацяць нейкія фонды. Дзяржаву гэта разбэшчвае. Давайце ўзгадаем справу Бяляцкага: людзі сабралі вялізныя грошы, а ён усё роўна ў турме сядзіць. Вынікае, мы аплацілі ўсе ягоныя 5 гадоў жыцця за кратамі, казённыя ежу і пітво. Дарэчы, знаходжанне ў камеры ізалятара часовага ўтрымання каштуе 50 тысяч за суткі. Таму, калі мне дадуць 15 сутак, я не толькі там буду месці двор, але і буду вымушаны заплаціць са сваёй кішэні 750 тысяч рублёў, згодна таму рахунку, які мне выдадуць пры вызваленні.
Але трэба дадаць, што сталінская дзяржава пахіснулася, часы змяніліся. Няма ўжо такога жорсткага пакарання, большасці выпісваюць штрафы.
— Вы трымалі за кратамі галадоўку. Ці паўплывала яна на вырак суда?
— Калі нас затрымалі 2 верасня і пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрымання — брэх сабак, мацюкі канваіраў, грукат жалезных дзвярэй, — мы, вольныя людзі, якіх змясцілі разам са злачынцамі, п’яніцамі, якія збіваюць жонак і мацярок, канешне, пратэставалі ў нейкай форме супраць утрымання там. У дадзеным выпадку — адмовіліся прымаць дрэнную ежу. А я, да таго ж, адмовіўся хадзіць. «Я тут не па сваёй волі, таму, калі хочаце, нясіце мяне на суд. Пешшу не пайду», — сказаў я канваірам.
Дарэчы, калі выпускалі з ізалятара, спачатку вярнулі не ўсе асабістыя рэчы. Ланцужок, пляшку, кольца — аддаюць, а мае карціны і абраз Божай Маці «Спагнанне загінулых» XIX стагоддзя — не. Дзе, пытаюся, мае шэдэўры, якія пасля маёй смерці будуць мільёны каштаваць, і дзе абраз, які з’яўляецца антыкварыятам? Вярніце тое, што забралі па вопісе!.. Толькі потым аддалі.
Пасля выхаду павесіў я сабе партрэт Лапіцкага на шыю, абраз паклаў на галаву і пайшоў тым жа маршрутам, што і падчас акцыі 2 верасня: міма будынка райвыканкама, аддзялення міліцыі і помніка Леніну.
Снарад у адну варонку два разы не трапляе, таму ніхто ўжо мяне нікуды не забіраў. Мастакі са мной не пайшлі, бо стаміліся судом.

— Чаму наогул вас затрымалі?
— Чыннікі ўсёй сітуацыі — у няўклюднасці і правінцыйнасці дзеянняў супрацоўнікаў аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама, якія высвеціў, нібыта лакмусавая паперка, Пушкін. Чыноўнікі дакаціліся да таго, што ў горадзе няма галерэяў, выставачных залаў, а ёсць толькі рэстараны і турма — і гэта на 40-тысячны горад! Таксама і няўклюднасць праваахоўнікаў, якія адмаўляюцца размаўляць на дзяржаўнай мове, аддаваць на ёй загад затрыманым і складаць пратаколы. Як беларус, я маю права патрабаваць, каб да мяне звярталіся на дзяржаўнай мове.
На суд 10 верасня суддзя нават запрасіла перакладчыка на беларускую мову — настаўніцу з мясцовай школы, бо не разумела нашых адказаў. Я сказаў тады суддзі: «Хацелася б, ведаючы, што вы прысудзіце мне штраф, каб частка грошай пайшла на аплату працы перакладчыцы, бо яе знялі з выходнага дня, і нічога ёй не заплацяць».
Учора раніцай я занёс заяву першаму намесніку старшыні Смаргонскага райвыканкама па ідэалогіі, каб ён прыняў меры па ўшанаванню ў горадзе памяці рэпрэсаванага Расціслава Лапіцкага — усталявалі крыжы, рабілі выставы і пленэры з ягонымі партрэтамі.