Аляксандр Фрыдман: Што хоча беларускі рэжым у абмен на свабоду Наталлі Хершэ?

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман разважае, што значыць вызваленне Наталлі Хершэ, якая так і не напісала прашэнне аб памілаванні. «Лукашэнка пасылае сігнал: калі вы са мной будзеце размаўляць, то магчымыя варыянты, як са швейцарцамі».

makei_swiss.jpg

— Вызваленне Наталлі Хершэ, я думаю, — абсалютна знешнепалітычная гісторыя, незалежна ад таго, пісала яна прашэнне аб памілаванні ці не, — адзначыў Аляксандр Фрыдман ў каментары «Салідарнасці». — Думаю, усё ж такі не пісала (пазней стала вядома, што Хершэ сапраўды не пісала прашэння.Заўв. рэд.). Калі б было прашэнне, рэжым выкарыстаў бы гэта максімальна, дачакаўся б сустрэчы амбасадара з Лукашэнкам і абыграў па поўнай гэтую гісторыю. Але яе выпусцілі цяпер. І калі там няма ніякіх форс-мажораў, звязаных, напрыклад, са здароўем, то гэта азначае толькі адно.

Напружаная знешнепалітычная сітуацыя вымусіла Лукашэнку паспяшацца з такім крокам. Цяпер з усходу яго «вельмі моцна прыпякло», і давялося пасылаць такія сігналы. Напярэдадні Макей паўтараў, што ўсе войскі выведуць, сам Лукашэнка ўчора звярнуўся да Захаду, маўляў, калі будзеце на мяне нападаць, буду вечны, а калі не будзеце нападаць — то пайду, і даволі хутка.

Мне здаецца, гэта сігнал: калі вы са мной, як ён любіць гаварыць, «па-чалавечы», калі мы неяк будзем дамаўляцца, то магчымыя варыянты. Напрыклад, такія, як са швейцарцамі або з Ізраілем да гэтага.

— Іншыя краіны пачнуць пераймаць тактыку Швейцарыі?

— Звярніце ўвагу, у Швейцарыі гэта адразу ж прайшло на найвышэйшым узроўні. Вядома, прэзідэнт Іньяцыа Касіс напісаў, што яны будуць дамагацца вызвалення і ўсіх астатніх.

Але ўсё ж такі з Наталляй, мне здаецца, — асаблівы выпадак. Я б не пераносіў яго на іншых палітвязняў. Думаю, што пасыл Лукашэнкі значна больш агульны — пра тое, што з ім можна дамаўляцца па самых розных пытаннях, галоўнае — размаўляйце, ён гатовы да дыялогу. А калі на яго будзе працягвацца ціск, усё будзе вельмі дрэнна.

— Гэта значыць, выстаўляць патрабаванні па астатніх палітвязнях бессэнсоўна?

— Вядома, такіх кейсаў, як у Хершэ, больш няма. Але размовы магчымыя. Я думаю, што пасланне Лукашэнкі не тычыцца канкрэтна палітвязняў. Яны для яго — прыватная тэма. Гэта пасланне больш глабальнае: размаўляйце са мной, таму што ў адваротным выпадку ў мяне не знойдзецца іншых варыянтаў — і я цалкам акажуся пад Масквой.