Наталля Хершэ: Я абавязкова вярнуся ў Беларусь

Наталля Хершэ дала кароткае інтэрв'ю швейцарскім СМІ пасля прыбыцця ў Цюрых.

Наталля Хершэ

Наталля Хершэ

Вытрымкі з інтэрв'ю прыводзіць першая беларуская газета з рысункамі. Па словах Наталлі, з ёй усё ў парадку і псіхалагічна, і фізічна.
Пра вызваленне ёй паведамілі а 6-й раніцы, і ў яе было мала часу, каб спакаваць свае рэчы.
«Цяпер я больш за ўсё на свеце радуюся ванне», — кажа Наталля.
Умовы ўтрымання яна называе «тыпова беларускімі». Калі журналісты пыталіся ў яе пра катаванні, яна казала, што часта на працягу некалькіх дзён уключалі на высокую гучнасць радыё.
«Я абавязкова вярнуся ў Беларусь, гэта ўсё ж мая радзіма. Але я пакуль дакладна не ведаю, калі менавіта», — сказала Хершэ.
Пра сваю актыўнасць яна зусім не шкадуе.
Нагадаем, беларускую грамадзянку Швейцарыі Наталлю Хершэ 7 снежня 2020 года пакаралі 2 гадамі і 6 месяцамі папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за тое, што падчас аднаго з пратэсных маршаў яна сарвала балаклаву з сілавіка. Праваабаронцы прызналі Наталлю Хершэ палітзняволенай.
У верасні 2021 года гомельскі суд прыняў рашэнне замяніць Наталлі рэжым на турэмны, які яна адбывала ў Турме №4.
30 студзеня 2022 года Наталля абвясціла галадоўку на знак пратэсту супраць катаванняў.
18 лютага 2022 года, пасля 17 месяцаў у зняволенні, Наталля Хершэ выйшла на волю.