Аляксандр Класкоўскі: Канстытуцыя даўно ўтаптаная ў бруд

15-га сакавіка ў Беларусі — чырвоны дзень календара, хаця — ужо працоўны.

Фота twitter.com

Фота twitter.com

Дзень Канстытуцыі 1994 года, якая за часы Аляксандра Лукашэнкі як правіцеля краіны, змененая настолькі, што цяжка яе назваць той самай.

Пэўна, што беларуская нацыя не на такое стаўленне ўладаў да Канстытуцыі і не на такія законы разлічвала напачатку аднаўлення незалежнасці.

Пра гэта Аляксандр Класкоўскі разважае ў эфіры Радыё Рацыя:

— Адразу хачу падкрэсліць, што вайна супраць Украіны, якая пачалася, яна адсунула ўсе тэмы не тое што на другі, а на дзясяты план. Я не думаю, што нехта ў Беларусі згадвае пра гэта свята — Дзень Канстытуцыі. Тым болей, што фактычна яна ўжо даўно ўтаптаная ў бруд. Тым не меней я думаю, што на гэтую тэму варта гаварыць, варта разважаць, варта згадваць.

Якія былі этапы станаўлення таго жорсткага аўтарытарызму ў Беларусі, калі ў выніку той чалавек, які ў крэсле кіраўніка дзяржавы, пачынае казаць: “Иногда не до законов”.

Гэта ўсё пачыналася паступова. Я згадваю 1994 год, калі ішлі дыскусіі пра беларускую канстытуцыю, пра той першы, умоўна кажучы, варыянт. Тады многія гаварылі, што гэта канстытуцыя робіцца пад Кебіча — тагачаснага прэм’ера. Ён фактычна быў уладаром краіны. Гэта таксама быў аўтарытарызм, але па цяперашніх мерках такі мяккі. Усё ж такі ў гэтыя гады была высокая ступень грамадскіх свабодаў, свабоды прэсы таксама.

Быў такі пікантны момант, калі абмяркоўваўся ўзроставы цэнз. У выніку ён застаўся на ўзроўні 35-ці гадоў, хаця хацелі ўзняць да 40. Чаму я кажу, што гэта пікантны момант, бо калі б узнялі гэты цэнз, то тады Аляксандр Лукашэнка аўтаматычна адпадаў бы і не быў бы ў ліку кандыдатаў.

Гісторыя павярнулася так, што ён не толькі ўзяў удзел у тых выбарах, але, як вядома, і перамог.

Дарэчы, трэба прызнаць, што выбары былі адносна свабодныя, адносна дэмакратычныя. А вось потым са свабодай і дэмакратыяй станавілася ўсё горай і горай.