Аляксею Кузьмічу пагражае крымінальны пераслед. Сведак яго «голай акцыі» масава выклікаюць у міліцыю
Мастака Аляксея Кузьміча 10 кастрычніка выклікалі ў міліцыю для тлумачэнняў. Нагадаем, гэта той самы творца, які 3 кастрычніка з’явіўся на адкрыцці сваёй выставы ў Цэнтры сучасных мастацтваў практычна голым, з шыльдай «Міністэрства культуры» на інтымным месцы.

Аляксей Кузьміч падчас акцыі ў НЦСМ 3 кастрычніка. Фота Алены Ляшкевіч
Міліцыя зацікавілася мастаком пасля заявы з Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў (НЦСМ). Там праходзіць выстава Аляксея Кузьміча «Прастора 540», на адкрыцці якой 3 кастрычніка ён і зладзіў сваю акцыю супраць цэнзуры ў мастацтве. У НЦСМ палічылі, што Аляксей Кузьміч «дапусціў дзеянні, якія абражаюць Міністэрства культуры, а таксама што пацягнулі значны ўрон дзелавой рэпутацыі Цэнтра». 10 кастрычніка мастак правёў дзве гадзіны ў апорным пункце міліцыі Савецкага раёна, куды паступіла скарга з Цэнтра. Творца распавёў НЧ, як гэта было.

Падчас акцыі ў НЦСМ 3 кастрычніка. Фота Алены Ляшкевіч
— Следчы патэлефанаваў, прапаноўваў нават сам да мяне пад’ехаць, абыходзіўся даволі паважліва. Калі ён са мной размаўляў, яму ўвесь час нехта тэлефанаваў і курыраваў, што яму рабіць.
Дзякуй «Новаму Часу», што першымі апублікавалі рэпартаж з акцыі! Без падтрымкі СМІ было б значна цяжэй. Хутчэй за ўсё, была б ініцыятыва хуценька пасадзіць мяне.

Аляксей Кузьміч. Фота Алены Ляшкевіч
— Вы маеце на ўвазе пасадзіць на 15 сутак ці даўжэй?
— Якія 15 сутак, вы што! Для беларуса 15 сутак — гэта як на абед схадзіць. Па крымінальным артыкуле, канечне. Як злоснага парушальніка грамадскага парадку і зневажальніка дзяржаўнай сімволікі. І закрыць, проста каб іншым непавадна было. Пачынаем з хуліганкі, а потым знявага ўсяго, што прыдумаюць, і вялікія-вялікія штрафы, і, магчыма, крымінальны пераслед. Дзяржаўная сімволіка, цынічная знявага ўлады. Яны пераводзяць гэта з разраду мастацтва ў нейкі вар’яцкі выбрык. Не выключана псіхіятрычная экспертыза. Напэўна, яны лічаць, што такія людзі, як я, небяспечныя на волі, не ведаю.

Крыніца: Facebook Аляксея Кузьміча
— Вы чакалі менавіта такой рэакцыі з боку СМІ і НЦСМ?
— Я не чакаў такога рэзанансу. Не, такой рэакцыі я не чакаў, але ад сваёй акцыі адмаўляцца не збіраюся, таму што, па-першае, мастацтва даражэй, а па-другое, не звыкся я прасіць прабачэння за тое, чаго не рабіў. Дзіўна адчуваць такі прэсінг ад НЦСМ.

Алеся Іназемцава, замдырэктара НЦСМ. Фота Алены Ляшкевіч
— Як вы мяркуеце, чаму на прэтэнзіі НЦСМ да вас — подпіс замдырэктара
установы Алесі Іназемцавай, а не самога дырэктара?
— Не ведаю. Можа быць, дырэктар баіцца падпісваць. Яны ж усе баяцца. НЦСМ — проста падкантрольная структура, ініцыятыва прэсінгу ідзе з Міністэрства культуры. Яно адхрышчваецца, што не мае дачынення і не хоча ацэньваць акцыю, пераводзіць усё на праваахоўныя органы. Але гэта мастацкае поле, і дзіўна, што праваахоўныя структуры гэтым займаюцца. Грамадскі парадак не быў парушаны, ніхто з гледачоў заяў у міліцыю не пісаў.
У кіраўніцтве НЦСМ няма ніводнага незалежнага чалавека, там усе — чыноўнікі, пастаўленыя зверху. Яны вырашаюць, што глядзець гледачу і што можа паказваць мастак. Калі творца малюе нешта прыгожае на халсце і вешае гэта на сценку — то гэта нармалёва. А калі займаецца сучасным мастацтвам, то ён бесталанны, як выказаўся дырэктар установы, і ўвогуле не мае права звацца мастаком.
Сваімі акцыямі я паказваю вобраз творцы. Мастак сёння — не воін, а нейкая прыбітая, забітая істота, нявызначанага полу, без вартасці і гонару.

Фота з акцыі Аляксея Кузьміча «Творец без яец». Чэрвень 2019 г. Крыніца: Facebook мастака
— Нявызначанага полу, «творец без яец»?
— Так, «Творец без яец», мая першая акцыя была акурат пра гэта. То-бок, без яек — гэта еўнух, гэта яшчэ са Старажытнага Кітая пайшло, калі людзей пакладалі, каб на ўсё жыццё прывязаць да гаспадара, бо такі чалавек быў непаўнавартасным чальцом грамадства. Яго жыццё па-за структурай было немагчымым.
Мая акцыя «Шчыт, ці Міністэрства фалакультуры» не абмяжоўваецца адным днём. Яна працягваецца і развіваецца. Самая цікавая асаблівасць акцыянізму — у тым, што немагчыма прадбачыць наступствы, далейшы ход твору мастацтва. Акцыянізм — гэта дзеянне. Тое, што цяпер адбываецца, раскрывае хваробы грамадства, якія былі закамуфляваныя. Цяпер яны выходзяць вонкі. Мне здаецца, гэта ёсць мэтай мастацтва — прымусіць гледача па-іншаму паглядзець на звыклую сітуацыю, пад іншым вуглом, іншым ракурсам, пабачыць тое, на што ў звычайным стане чалавек бы папросту не звярнуў увагі.
— Як вы мяркуеце, пасля таго, як вы далі тлумачэнні праваахоўным органам, справа скончыцца ці не?
— Акрамя мяне, каля дзесяці чалавек выклікалі ў міліцыю як сведак. Уважліва вывучалі маё відэа з акцыі, выкладзенае на Ютуб, ваша відэа таксама. Вызначаюць людзей і добра так іх апрацоўваюць. Цалкам верагодна, што яны выцягнуць нейкія паказанні, якія ім трэба. Да чаго гэта прывядзе? Мабыць, людзі стануць менш цікавіцца сучасным мастацтвам і хадзіць на выставы, каб не пабачыць там што-небудзь гэтакае (пасміхаецца).
— Ці сутыкаліся раней вы ці вашы сябры з палітычным пераследам?
— Не, ніколі.