Полацкі блогер Geibal расказаў, як яго катавалі ў міліцыі
Блогер Раман Ляўкоўскі (Geibal) апублікаваў відэаролік, у якім расказвае, як яго катавалі ў полацкай міліцыі. Загадалі раздзецца да майткоў, душылі, пагражалі ўжыць дручок, «засунуць фалас» і г.д. Усё дзеля таго, каб хлопец разблакаваў тэлефон, з якога міліцыянты выдалілі некаторыя відэаролікі.
19-гадовы блогер Geibal распавёў, што сам выклікаў міліцыю пасля таго, як на ягоную просьбу яму не далі ў адной з полацкіх крамаў кнігу заўваг і прапановаў. Паводле хлопца, прыехалі чамусьці супрацоўнікі крымінальнага вышуку, забралі яго і адвезлі ў Полацкі РАУС.
“Прывезлі ў аддзяленне міліцыі, забралі тэлефон і асабістыя рэчы і павялі на трэці паверх. Завялі ў кабінет, дзе знаходзіліся тры чалавекі. Калі я зайшоў, то зачынілі дзверы на ключ. Загадалі: “Здымай куртку!” Я зняў куртку, яны праверылі кішэні. Потым адзін з супрацоўнікаў шпурнуў яе на падлогу, а калі я запытаў, навошта гэтак рабіць, адказаў: “Я цяпер наогул вазьму і буду мыць ёю падлогу”, – расказвае Раман Ляўкоўскі.
“Потым загадалі раздзявацца цалкам, пасля чаго адзін з іх, самы здаровы, узяў рукой мяне за шыю, паклаў на стол і душыў секундаў 5, потым кінуў мяне на падлогу, стаў каленам на грудзі, адначасова душыў. Я зразумеў, што затыхаюся, цела абмякла, і ён мяне адпусціў… Пасля таго, як я падняўся, той жа самы дастаў з шафы дубінку і запытаў: “Ты ведаеш, як яна ходзіць па целе?” – працягвае хлопец.
“Мы можам наогул абасцаць цябе і зняць гэта на тэлефон, бо ты ўсё роўна нікому не раскажаш”. Пагражалі “адвезці да “пітухоў”, засунуць фалас…” – сцьвярджае блогер.
Паводле ягоных словаў, міліцыянты запатрабавалі разблакаваць тэлефон, а потым выдалілі з тэлефону некаторыя відэазапісы.
"Калі хтосьці даведаецца пра ўсё гэта, мы завязём цябе ў лес…” – паабяцалі супрацоўнікі РАУС. Блогер называе прозвішча аднаго з міліцыянтаў — Аляксандра Лапаціна.
Раман Ляўкоўскі паведаміў “Віцебскай Вясне”, што ніякіх пратаколаў у аддзяленні міліцыі не складалася. Кажа, што на наступны дзень ён звярнуўся з заявамі ў пракуратуру і следчы камітэт. Пабоі не здымаў, бо слядоў катавання на целе не засталося.
Віцебская Вясна