Amnesty: Мінск парушыў адразу некалькі артыкулаў Канвенцыі аб правах дзіцяці ў справе Мікіты Залатарова

У ходзе правядзення расследавання і судовага разбору па справе непаўналетняга Мікіты Залатарова беларускія ўлады парушылі адразу некалькі артыкулаў Канвенцыі аб правах дзіцяці, а таксама яго права не падвяргацца катаванням і іншым відам жорсткага абыходжання і на справядлівае судовае разбіральніцтва, заявіла «Amnesty International» напярэдадні разгляду апеляцыі па справе Залатарова 23 красавіка.

zalatarou_ezn3a_1.jpeg


17-гадовага Мікіту Залатарова 22 лютага прысудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі нібыта за тое, што ён кінуў кактэйль Молатава пад ногі двум амапаўцам і за «арганізацыю масавых беспарадкаў». Судовае разбіральніцтва праходзіла з парушэннямі, адзначаюць праваабаронцы.
Улады краіны не правялі ніякага расследавання яго заяў аб тым, што падчас затрымання і падчас утрымання пад вартай яго збівалі электрашокавай дубінкай, а супрацоўнікі міліцыі дапытвалі яго ў адсутнасць адваката або дарослага законнага прадстаўніка. Акрамя таго, Залатароў знаходзіўся ў папярэднім зняволенні больш за шэсць месяцаў, і ў цяперашні час утрымліваецца ў адзіночнай камеры — у парушэнне ўсіх стандартаў у галіне правоў чалавека, якія тычацца абыходжання з дзецьмі, якіх утрымліваюць пад вартай.
Міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека з усёй пэўнасцю паказваюць, што ўжыванне адзіночнага зняволення ў дачыненні да непаўналетніх з'яўляецца  катаваннем, падкрэслівае «Amnesty International».
Ні на адным этапе разгляду яго справы не было прадпрынята ніякіх спроб знайсці альтэрнатыву ўтрыманню Мікіты Залатарова пад вартай, усе апеляцыі яго адваката аб яго вызваленні з-пад варты да суда былі адхіленыя, гаворыцца ў заяве.
У адпаведнасці з вышэйсказаным, «Amnesty International» патрабуе ад беларускіх улад неадкладна вызваліць Мікіту Залатарова, не чакаючы разгляду яго апеляцыі, забяспечыць хуткае, незалежнае, бесстаронняе і эфектыўнае расследаванне сцвярджэнняў аб катаваннях і іншых відах жорсткага абыходжання, а таксама ў поўнай меры выконваць рэкамендацыі Камітэта ААН па правах дзіцяці, дадзеныя ім у заключных заўвагах у 2020 годзе.