Амбасадары Германіі і Францыі нагадалі Макею пра палітвязняў і новыя выбары

16 красавіка адбылася сустрэча міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з амбасадарам Германіі Манфрэдам Хутэрэрам і амбасадарам Францыі Нікаля дэ Лакостам. «Еўрарадыё» інфармуе пра дэталі сустрэчы.

img_2814_logo_1.jpg

У кароткім паведамленні МЗС нашай краіны гаворыцца, што быў абмеркаваны «стан беларуска-еўрапейскіх і двухбаковых адносін, а таксама актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня». Макей распавёў пра «канстытуцыйны працэс» у Беларусі і пра іншыя «пытанні развіцця сітуацыі ўнутры краіны».
«Прадметна пацверджана захаванне падыходаў і прынцыпаў, на якіх Беларусь гатовая выбудоўваць узаемадзеянне з заходнімі партнёрамі, адзначае прэс-служба МЗС Беларусі. — У рамках гутаркі пацверджана ўзаемная зацікаўленасць бакоў у захаванні каналаў камунікацыі, працягу рабочых кантактаў і падтрыманні дыялогу».
У паведамленні прэс-службы французскай амбасады ёсць тое, што не трапіла ў паведамленне МЗС Беларусі. Амбасадары выказалі Уладзіміру Макею «занепакоенасць урадаў сваіх дзяржаў з нагоды сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі». Яны нагадалі пра пазіцыю Еўрасаюза «аб немагчымасці нармалізацыі адносін да тых часоў, пакуль не будзе пакладзены канец сілавым дзеянням, накіраваным супраць мірных дэманстрантаў», а таксама «пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітычныя зняволеныя і не будзе пачаты шырокі ўсебаковы палітычны дыялог і, як вынік, праведзеныя новыя прэзідэнцкія выбары».