Адвакату Іллю Салею змянілі меру стрымання
З 16 красавіка юрысту штаба Бабарыкі і адвакату змянілі меру стрымання з хатняга арышту на заклад. Ілля Салей застаецца ў статусе абвінавачанага па арт. 361 Крымінальнага кодэкса і абавязаны з'яўляцца па выкліку следчых органаў і суда, паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на інфармацыю са штабу Бабарыкі.
Цяпер Ілля Салей можа свабодна перасоўвацца па краіне і працаваць. Доўгія месяцы юрыст штаба знаходзіўся ў сваёй кватэры без права на камунікацыю і прагулкі.
Бачыцца Ілля мог толькі са сваім адвакатам, які прыносіў яму прадукты і выносіў смецце.
Іллю Салея затрымалі 9 верасня па «справе Каардынацыйнай рады» разам з другім адвакатам — Максімам Знакам. Пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі ў СІЗА КДБ з палітвязнямі Салею змянілі меру ўтрымання: 17 кастрычніка стала вядома, што ён пераведзены пад хатні арышт. Пад ім ён правёў паўгода.