Палітзняволеную Вольгу Класкоўскую пазбавілі перадач ад бацькоў за адмову шыць форму сілавікам
Пра гэта Вольга Класкоўская распавяла ў лісце да маці, піша Наша Ніва.
![photo_2021_04_17_10_41_44.jpg photo_2021_04_17_10_41_44.jpg](/img/v1/images/photo_2021_04_17_10_41_44.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Дарагая мамачка, сёння мяне пазбавілі прадуктовай пасылкі за адмову шыць форму для сілавікоў. Так што тое, што ты мне дасылала, хутка вернецца табе назад. Такія вось метады. Няма словаў.
Калі я на доўгі час знікну (не будзе ні лістоў, ні званкоў) значыць я ў ШІЗА», — напісала Класкоўская.
Раней Вольга пісала, што разам з Наташай Хершэ адмовілася шыць вопратку для сілавікоў. «Пакуль што ў мяне статус вучня на швейнай фабрыцы, шыю нейкія дробныя рэчы, якія не звязаны з асноўнай вытворчасцю (вайсковай формай), але што будзе далей, не ведаю».
«Я ні пра што не шкадую, і я ніколі не прагнуся пад гэтай сістэмай, прайду праз усе выпрабаванні і ніколі не адмоўлюся ад сваіх перакананняў, як бы цяжка ні давялося. Усё міне, а праўда застанецца».
![Палітзняволеная Вольга Класкоўская: Мы хутка зноў убачымся на Пляцы Перамогі Палітзняволеная Вольга Класкоўская: Мы хутка зноў убачымся на Пляцы Перамогі](/img/v1/images/klaskouskaja_new.png.crdownload?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Нагадаем, 22 снежня мінулага года ў Ленінскім судзе Мінска Вользе Класкоўскай прысудзілі два гады калоніі за перакрыванне дарогі ў Серабранцы 13 кастрычніка.
Напісаць ці зрабіць ёй перавод можна на адрас: ВК №4; вул. Антошкіна, 3; 246035, Гомель. Класкоўская Вольга Аляксандраўна (30.01.1982)